МЗС Расеі: Краіны СНД з Цэнтральнай Азіі гатовыя далучыцца да санкцыяў супраць РФ


Некаторыя дзяржавы Цэнтральнай Азіі даюць зразумець, што яны не гатовыя браць на сябе рызыкі і могуць далучыцца да заходніх санкцыяў супраць Расеі. Пра гэта заявіў 16 траўня намеснік міністра замежных справаў Расеі Міхаіл Галузін, перадае ТАСС.

Будынак МЗС РФ.
Фота: MID_RF / Twitter

«Нягледзячы на супадзенне пазіцый у дачыненні непрымальнасці і нелегітымнасці аднабаковых эканамічных абмежаванняў, шэраг краінаў Цэнтральнай Азіі тым не менш не хочуць браць на сябе адпаведных рызыкаў, даюць зразумець пра гатовасць прытрымлівацца заходніх абмежавальных захадаў», – сказаў намеснік міністра.

Паводле Міхаіла Галузіна, гэта «ідзе насуперак узаемным абавязкам, у тым ліку ў АДКБ, ЕАЭС і СНД».

«Штучнае разбурэнне сувязяў з Расеяй здольнае абярнуцца больш цяжкай шкодай, чым выдаткі ад славутых другасных санкцыяў», – прыгразіў ён.

Сярод краінаў СНД да Цэнтральнай Азіі належаць Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан. Іх прадстаўнікі неаднойчы заяўлялі аб праблемах, якія ўзнікаюць ад супрацы з РФ. Гэтак, у Нацбанку Казахстану 11 траўня заявілі, што спрабуюць пазбегнуць сітуацыі, калі Масква выкарыстоўвае Астану як інструмент для абыходу еўрапейскіх і амерыканскіх санкцыяў.

Не выкарыстоўваць сваёй тэрыторыі для абыходу Расеяй санкцыяў у канцы красавіка абяцалі Еўразвязу ва Узбекістане. Пра канструктыўныя перамовы з уладамі Кыргызстану заяўлялі і амерыканскія дыпламаты.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў