Новая рэальнасць беларускага гандболу: шлях у Расею з кітайскім каларытам


Яшчэ год таму беларускія клубы гулялі ў еўракубках, у Берасце прыязджалі топы сусветнага гандболу, а зборная брала ўдзел у элітных турнірах. Але ў лютым 2022 года рэжым Аляксандра Лукашэнкі падтрымаў уварванне Расеі ва Украіну. Гэта закрыла дзверы ў гандбольную міжнародную сям’ю ўсяму беларускаму гандболу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Матч 27-га чэмпіянату свету па хакеі сярод мужчынаў у групе IV паміж Егіптам і Беларуссю ў Каіры, Егіпет. 22 студзеня 2021 года.
Фота: Slavko Midzor / Pixsell / Forum

Беларусь разам з Расеяй адхілілі ад усіх міжнародных спаборніцтваў. Такога не было нават у час СССР. Як жа беларускі гандбол пражыў гэты год?

Цяпер толькі Азія альбо Расея

За месяц да нападу Расеі на Украіну, які адбыўся пры падтрыманні сённяшніх уладаў Беларусі, зборныя зʼездзілі на чэмпіянат Еўропы ў Вугоршчыну і Славаччыну. Але асаблівых поспехаў не дабіліся. Расея аказалася 9-я, а беларусы – 17-я. Гэта быў апошні выступ зборных у топ-турніры. Яны ўжо прапусцілі фінальны турнір чэмпіянату свету, а цяпер і адборачны турнір чэмпіянату Еўропы. А значыць, ні пры якіх абставінах не паедуць у наступным годзе на Алімпіяду ў Парыж. Наш эксперт, спартовы журналіст, які цяпер у Беларусі, мяркуе: нават калі заўтра здарыцца цуд і з абедзвюх краінаў здымуць дыскваліфікацыю, то, улічваючы сістэму адбору на сусветныя турніры, беларусаў і расейцаў не будзе ў топ-турнірах яшчэ некалькі гадоў.

«Давядзецца пачынаць свой шлях з самых нізоў, і цяжка прадказаць, на колькі гадоў уся гэтая гісторыя можа расцягнуцца. Цяпер абедзве краіны аказаліся ў своеасаблівай бурбалцы, такой не было нават у час СССР, – адзначае наш эксперт. – Значыць, ёсць высокая верагоднасць, што абедзвюх зборных можа не быць і на Алімпіядзе 2028 года. Не кажучы пра найбліжэйшыя чэмпіянаты свету і Еўропы».

Эксперт не выключае варыянту, што абедзве краіны могуць перайсці ў Азію, як тое зрабіла Расея ў шахматах. Але, на ягоную думку, Беларусь на гэты крок не пойдзе. За мінулыя тры месяцы зборныя Беларусі і Расея згулялі паміж сабой ужо чатыры двубоі. Два з іх выгулялі расейцы, адзін – беларусы, у яшчэ адным была нічыя. Апошнія гульні адбыліся ў Менску 11–12 сакавіка, і ўздоўж усёй пляцоўкі быў расцягнуты банер, на якім на беларускай, расейскай і кітайскай мовах было напісана: «Беларусь, Кітай, Расея спортам адзіныя!».

У снежні 2022 года мужчынская зборная Беларусі зʼездзіла на два таварыскія матчы ў Бахрэйн: адзін выйграла, адзін прагуляла.  Ўлетку 2022-га ў Менску паміж сабой згулялі жаночыя і мужчынскія зборныя Беларусі і Кітаю. Зборная Расеі неўзабаве паедзе на таварыскія матчы ў Іран.

Санкцыі супраць Беларусі і Расеі выгадныя Кітаю

Для Кітаю ізаляцыя Беларусі і Расеі даволі выгадная. Рэгулярныя гульні з вышэйшымі класам супернікамі дазваляюць узняць узровень гандболу ў гэтай краіне. У мужчынскім чэмпіянаце Беларусі і жаночым Расеі выступаюць клубы з Кітаю.  Легіянеры з Кітаю ўжо зʼявіліся ў клубах з Берасця і Горадні, а ў адным з асноўных клубаў Расеі – ЦСКА – выступаюць два кітайскія легіянеры і тры беларусы.

Супольныя клубныя турніры з Расеяй

Акрамя розных турніраў на ўзроўні зборных розных кубкаў дружбы, мужчынскія клубы Беларусі і Расеі абʼядналіся ў супольны турнір СЭГА-лігі. Чатыры каманды з кожнай краіны абʼядналіся, разбіліся на дзве групы і згулялі турнір на два колы. Нашую краіну рэпрэзентоўвалі «Мяшкоў» (Берасце), менскі СКА, магілёўскі «Машэка» і «Гомель». Першыя дзве каманды і выйшлі ў фінал чатырох.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Матч стадыі ¼ фіналу «Дывізіёну Усход» СЭГА – Gazprom League «Мяшкоў» (Берасце).
Фота: seha-league.ru

На большасць гульцоў з чэмпіянату Беларусі міжнародная ізаляцыя паўплывала не моцна. У еўракубках яны гулялі нядоўга і зрэдку, у зборную не выклікаліся. Цяпер фактычна тое самае: заробак плацяць, хай і не вялікі, узровень упаў, і тут можна медалі ўзяць і спартовыя званні атрымаць. Малаімаверна, што ім за мяжой было б лепш, але шмат хто хоча зʼехаць, хоць цяпер гэта не так проста, як раней, мяркуе наш эксперт.

Паводле спартовага журналіста, большасць гульцоў не гатовая шмат працаваць і развівацца: «Вазьміце той жа БГК. Яшчэ год таму гэта быў нават паводле еўрапейскіх мерак топ-клуб, але цяпер няма Лігі чэмпіёнаў, добрых легіянераў. Той жа Падшывалаў, Шумак, Юрынок маглі б зʼехаць у Еўропу, але яны працягваюць у Берасці кантракты: значыць, іх усё задавальняе».

Упершыню за дзесяць гадоў «Мяшкоў» (Берасце) можа страціць чэмпіёнства

Найбольш моцна ізаляцыя ўдарыла па БГК: клуб страціў не толькі трэнераў і гульцоў з Еўропы, але і асноўных топ-менеджараў.  Упершыню з 2014 года ён можа страціць чэмпіёнства. У гэтым сезоне БГК і СКА згулялі паміж сабой тры матчы, і Берасце не перамагло ні разу, набраўшы толькі адзін пункт. Гэта каштавала працы галоўнаму трэнеру Дзмітрыю Ціхану, на месца якога прыйшоў расеец Эдуард Какшараў, дзе яму трэба будзе трэнаваць шасцёх сваіх землякоў. Яшчэ, акрамя вялікай групы беларусаў, колеры клубу абараняюць кітаец і славенец Марка Матыяшэвіч – наагул адзіны гулец з Еўропы ў чэмпіянаце Беларусі. Менскі СКА ў гэтым сезоне ў чэмпіянаце Беларусі не прагуляў ніводнага матчу, у яго складзе няма легіянераў, ён робіць стаўку на маладых беларусаў і некалькіх дасведчаных гульцоў.

«Лідарства СКА стала магчымае, бо сурʼёзна ўпаў узровень Берасця, які раней вылучаўся ў параўнанні з астатнімі. Чэмпіянат Беларусі пачаў нагадваць тое, што было ў ім гадоў дваццаць таму. Мы вяртаемся туды, адкуль прыйшлі. Але тады быў афіцыйны міжнародны каляндар, цяпер гэтага няма. Пры тым гульцы, трэнеры, чыноўнікі не бачаць у гэтым праблемы», – кажа наш эксперт.

Фактычна гандбол у Беларусі, як і іншыя віды спорту, скочваецца на аматарскі ўзровень, і куды імкнецца пры поўнай адсутнасці перспектываў, не ясна. Пры гэтым дзясяткі беларускіх гандбалістаў выступаюць на даволі нядрэнным узроўні ў Еўропе. Такі шлях бачыцца адной з магчымасцяў захаваць перспектывы на будучыню. Але ў любым выпадку пасля зменаў у краіне спорт, як і іншыя сферы жыцця, давядзецца адбудоўваць.

АС belsat.eu

Стужка навінаў