З пачатку 2023 года Беларусь на падставе бязвізавага рэжыму наведалі больш за 13 тыс. іншаземцаў. Пра гэта паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт РБ.
Іншаземцы працягваюць карыстацца магчымасцю наведаць Беларусь на падставе бязвізавага рэжыму. Паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту РБ, найбольш такія візіты папулярныя ў грамадзянаў Літвы.
«З 1 студзеня ў бязвізавым парадку ў нашую краіну заехалі больш чым 13 тысяч замежнікаў: 9966 грамадзянаў Літвы, 1822 грамадзяніны і 462 неграмадзяніны Латвіі, грамадзянаў Польшчы – 1329», – гаворыцца ў паведамленні.
Паводле памежнікаў, усяго з пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму для жыхароў суседніх краінаў ЕЗ Беларусь наведалі 398 565 замежнікаў. З іх 258 229 – грамадзяне Літвы, 27 341 – неграмадзяне, 89 956 – грамадзяне Латвіі, а таксама 23 039 – грамадзяне Польшчы.
Нагадаем, што з 15 красавіка 2022 года да 31 снежня 2023 года дзейнічае бязвізавы парадак заезду ў Беларусь для грамадзянаў Літвы, Латвіі (а таксама асобаў, якія маюць статус неграмадзяніна Латвіі). Таксама з 1 ліпеня 2022 года да 31 снежня 2023 года ўведзены бязвізавы парадак заезду ў Беларусь для грамадзянаў Польшчы.
Антон Тачняк belsat.eu