Беларусам не далі прэміі Сахарава


За асаблівы ўнёсак у абарону правоў чалавека Еўрапарламент узнагародзіў Малалу Юсафзай, 16-гадовую праваабаронцу з Пакістану.

Пра гэта паведаміў у сваім “Тўітэры” прэс-сакратар Еўрапарламенту Жаўмэ Дук (Jaume Duch).



Пераможца атрымлівае 50 тыс. еўраў. Лаўрэата абіраюць старшыні ўсіх дэпутацкіх групаў, якіх цяпер у Еўрапарламенце сем.

Ад Беларусі на прэмію прэтэндавала тройка кандыдатаў. Гэта кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі (4 з паловаю гады калоніі ўзмоцненага рэжыму), экс-кандыдат на прэзідэнцтва Мікола Статкевіч (6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму) і актывіст “Маладога фронту” Эдуард Лобаў (4 гады зняволення). Яны рэпрэзентавалі ўсіх палітвязняў, якія застаюцца за кратамі ў нашай краіне. Беларусаў на прэмію намінавалі дэпутаты Еўрапарламенту ад Польшчы на чале з Марэкам Мігальскім.

Узнагародзіць прэміяй Малалу Юсафзай, 16-гадовую жыхарку Пакістану, прапанавалі тры фракцыі Еўрапарламенту: Еўрапейская народная партыя, Еўрапейскія кансерватары і Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу. Пакістанка стала сімвалам змагання за правы дзяцей і жанчын у ісламскіх краінах. Летась дарогаю са школы яе абстралялі талібы, параніўшы ў галаву і шыю. Пасля рэабілітацыі дзяўчына працягвае навучанне ў Брытаніі.

{movie}Малала Юсафзай змагаецца за права тое, каб усе дзеці атрымалі магчымасць вучыцца|right|12832{/movie}

“Зялёныя”, у сваю чаргу, намінавалі Эдўарда Сноўдэна, які перадаў журналістам інфармацыю пра тое, як амерыканскія і еўрапейскія спецслужбы ўсталявалі татальны кантроль за карыстальнікамі інтэрнэту.

Летась Алесь Бяляцкі ўжо прэтэндаваў на прэмію Сахарава, адна тады яе атрымалі іранскія адвакатка Насрын Сатудэ і рэжысёр Джафар Панагі.

Узнагарода імя Сахарава ўручаецца з 1988 года. Мінулыя гады прэмію Сахарава атрымлівалі ўдзельнікі Арабскай вясны, былы прэзідэнт ПАР і змагар з апартэідам Нэлсан Мандэла, лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч і былы генеральны сакратар ААН Кофі Анан.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў