Уборка морквы ды цыбулі ў калгасах – важнейшая за заняткі ў школах і ВНУ.


Уборка морквы ды цыбулі ў калгасах – важнейшая за заняткі ў школах і ВНУ. Працоўных рук для збору багатага сёлетняга ўраджаю гародніны катастрафічна не стае. Развязаць гэтую праблему на Магілёўшчыне дапамагаюць студэнты і вучні старэйшых класаў.
{movie}Залік па моркве (25.09.2013) |right|12629{/movie}
У раскладзе заняткаў на сёння – славянская філалогія і матэматыка. А ў рэчаіснасці магілёўскія ліцэісты і студэнты МДУ імя Куляшова з восьмай ранку ратуюць ураджай мясцовых калгасаў. Нягледзячы на тое, што праз такую дапамогу заняткаў няма ўжо трэці тыдзень, настаўнікі бачаць у гэтым карысць для педагагічнага працэсу.

ТЭРЭЗА АЎДЗЕЕВА, МАЙСТАРКА ЛІЦЭЮ № 5:
“У мяне вось дзеці першага курсу. Яны ж тады проста на твар – ведаеш, хто на што здольны. Іх бачна тут вось, калі яны ў працы, яны пазнаюцца ўсе. Бачна, хто хоча працаваць і хто будзе працаваць ды хто не хоча, лянуецца”.

Наконт прапушчаных заняткаў настаўнікі не хвалююцца: маўляў, адпрацуюць. Пытанне толькі ў тым, ці ўсе студэнты адразу вернуцца на заняткі, пасля месяца працы пры гэткім надвор’і.

КАРЫНА САКАЛОВА, СТУДЭНТКА ДРУГОГА КУРСУ: “Вельмі, вельмі холадна, усе апрануліся вельмі цёпла. Абавязкова гумовыя боты, бо хадзіць немагчыма – вельмі брудна, поле вільготнае, усе ў пальчатках працуюць, усе захутаныя, але ўсё роўна вельмі, вельмі холадна ды моцны вецер сёння”.

Вядома, не ўсё гэтак дрэнна. Можна ўзяць морквы дадому, а з гэтай працы будучыя філолагі атрымаюць свае першыя заробкі – каля двухсот тысячаў за тыдзень. Студэнтам дапамагаюць таксама сацыяльныя работнікі ды магілёўскія ліцэісты.

ВУЧНІ МАГІЛЁЎСКАГА ЛІЦЭЮ № 5:
“Холадна! Змушаюць працаваць! Яшчэ і кожную морквіну перабіраць”.
“Вядома, не падабаецца! Холадна тут, усе ногі адмерзлі”.
“Не, ну, два тыдні было цёпла – яшчэ нармальна, а цяпер холадна”.

«АБ’ЕКТЫЎ»:
“Дык як, вам за гэта грошы плоцяць?”

ВУЧАНЬ МАГІЛЁЎСКАГА ЛІЦЭЮ № 5: “Якія там грошы! Пяць капеек дадуць”.

У дарослых добраахвотна-прымусовых працаўнікоў настрой лепшы ды ўзровень адказнасці вышэйшы. Маўляў, хтосьці ж гэты ўраджай мусіць сабраць.

НАДЗЕЯ ІВАНЕНКА, САЦЫЯЛЬНАЯ ПРАЦАЎНІЦА: “Ну, а што рабіць?! Дапамагчы ж трэба калгасу. Мы ж хочам атрымаць добры ўраджай – морквы набыць, буракоў, калі няма… Ну, у нас, праўда, сваё. А зіма – вялікая. Насельніцтва якое – Магілёў, Магілёўскі раён нават. Дый за межы ж трэба Магілёва”.

Тым часам надвор’е імкліва псуецца – ужо на гэтым тыдні чакаюцца першыя маразы. Таму нават з дапамогаю студэнтаў і ліцэістаў сабраць увесь ураджай наўрад ці атрымаецца.

Дзясяткі замёрзлых студэнтаў і ліцэістаў, месяц прапушчаных заняткаў, і на нашым стале – свежая морква. Спадзяемся, працаўнікам калгасаў, якіх нашыя журналісты на полі не заўважылі, сёлетні ўраджай таксама будзе смакаваць.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў