Ці магчымая ў Беларусі альтэрнатыўная педагогіка?


У Швецыі школы, якія працуюць паводле адной з альтэрнатыўных педагагічных методык – вальдорфскай, атрымліваюць дзяржаўнае падтрыманне. У Беларусі прыватныя школы з элементамі вальдорфскай сістэмы баяцца гэта афішаваць. Ці магчымая ў Беларусі альтэрнатыўная педагогіка, і ці патрэбная яна нам?

Дырэктар шведскай школы: «Нашая задача – зрабіць, каб дзіця не стала сацыяльным інваліда»

Невялікую школу ў мястэчку Сёдэршопінг (Söderköping) у 1985 годзе адчынілі энтузіясты, і яна стала адною з прыкладна сарака вальдорфскіх школаў у Швецыі.

Гэлена Сэльсфорс (Helena Selsfors), дырэктарка школы ў Сёдэршопінгу, распавядае, што асноўны прынцып вальдорфскай школы – свабоднае развіццё дзіцяці, без страхаў і стрэсу. Тут на малога не аказваюць ціску, а праграма навучання складаецца гэтак, каб не перавышаць магчымасцяў дзіцяці засвойваць матэрыял. Вялікая ўвага надаецца супольным гульням, каб школьнікі пачуваліся як адзінае цэлае. Маленькім вучням чытаецца шмат казак, заснаваных на шведскай гісторыі. Праз казкі праходзіць навучанне матэматыцы, пісьму, мовам.

Вальдорфская педагогіка – альтэрнатыўная класічнай педагогіка, што пачала развівацца ў пачатку ХХ ст. Першая вальдорфская школа адчынілася ў 1919 годзе ў Нямеччыне.

Сёння вальдорфская адукацыя практыкуецца ў больш як у 950 школах і 1400 дзіцячых садкоў прыкладна ў 60 краінах свету.

«Калі ты працуеш у вальдорфскай школе, мусіш памятаць, што кожны вучань – унікальная асоба, і твая задача – дапамагчы яму развіць прыродную ўнікальнасць. Не думаю, што ў кожнай школе лічаць гэтак жа, – кажа Гэлена. – Нашая галоўная задача – зрабіць так, каб дзіця, скончыўшы школу, не стала сацыяльным інвалідам».

Вальдорфскія школы ў Швецыі зацверджаныя Дэпартаментам адукацыі ды атрымліваюць падтрыманне ад дзяржавы. Навучанне ў іх бясплатнае. «У нас такая сістэма, якая завецца «грошы ідуць за вучнем», – распавядае дырэктарка школы ў Сёдэршопінгу. – То бок, дзяржава выдае на кожнага вучня пэўную суму грошай, і яны «ідуць» за ім, дзе б той ні вучыўся».

У школе ў Сёдэрчопінгу навучаецца 110 вучняў. Сярод іх – тры хлопчыкі-беларусы: Маркус, Арвід і Людвіг. Іх ўсынавілі шведскія сем’і, яшчэ калі тыя былі немаўлятамі.

Экспертка: «Альтэрнатыўная педагогіка ў Беларусі не можа развівацца»

У Беларусі няма ніводнай вальдорфскай школы. У Менску атрымалася знайсці толькі адзін адукацыйны цэнтр для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, які выкарыстоўвае ў навучанні элементы вальдорфскай педагогікі. Дырэктарка цэнтру прасіла не называць ейнага імя і назвы ўстановы.

«У 1995-м годзе ў мяне была вальдорфская група ў звычайным дзіцячым садку, і тады гэта было магчыма – розныя эксперыменты ў адукацыі, гэта дазвалялася, але потым усё пазачынялі. Сёння ў нашым цэнтры мы ўжываем некаторыя элементы вальдорфскай педагогікі, бо цалкам працаваць паводле вальдорфскай ці іншай методыцы ў нас нельга».

Элементы альтэрнатыўнай педагогікі, паводле нашай суразмоўцы, сёння ў Беларусі могуць ужывацца толькі ў пазашкольнай, дадатковай адукацыі.

Філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча зусім не здзіўляе, што прыватныя школы, якія ўжываюць альтэрнатыўныя методыкі адукацыі, не хочуць агалоскі сваёй дзейнасці: «Вальдорфская педагогіка была забароненая ў нацысцкай Нямеччыне і ў Савецкім Саюзе, бо таталітарныя краіны прагнуць падпарадкаваць усё выхаванне сваім ідэалагічным мэтам. А альтэрнатыўныя методыкі, у чым, дарэчы, іх перавага, дэідэалагазіваныя».

Уладзімер Мацкевіч зазначае, што сёння ў Беларусі альтэрнатыўная педагогіка не мае магчымасцяў для развіцця: «Дзяржава заціснула прыватныя школы юрыдычна, эканамічна ды ідэалагічна. Была забароненая разнастайнасць падручнікаў, праграмаў – іх стандартызавалі. Павыганялі настаўнікаў іншых поглядаў. Сёння альтэрнатыўная педагогіка існуе ў нас у маргіналізаваным стане. І рэклама тым, хто практыкуе такія методыкі, зусім не на карысць будзе».

Сам Уладзімер Мацкевіч не прыхільнік вальдорфскай педагогікі ды мяркуе, што яна не дазваляе развіваць таленты вучня, як гэта сцвярджаюць яе практыкі. «Вальдорфская педагогіка развівае, хутчэй, капрызы і дзіцячае стаўленне да жыцця, – мяркуе эксперт. – Яна дае інфантыльных выпускнікоў. Свабодных – так. Незакамплексаваных – так. Але з неразвітымі здольнасцямі, з засяроджанасцю на сваім «я», і цалкам задаволеных пры гэтым жыццём».

У той жа час Мацкевіч падкрэслівае, што педагогіка мае быць свабоднай, і калі ёсць бацькі ды вучні, якім альтэрнатыўныя методыкі пасуюць, то яны мусяць мець магчымасць свабодна працаваць і вучыцца.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў