Актывісты возьмуць рэгіянальныя ўлады пад «Грамадзянскі кантроль»


Навошта перад “Дажынкамі” класці наноў плітку, што ўжо паклалі два гады таму, куды ўвогуле ідуць бюджэтныя сродкі, і на якія заробкі жывуць чыноўнікі – знайсці адказы на гэтыя пытанні плануе грамадская кампанія “Грамадзянскі кантроль”, што пачынае працу ў Беларусі з верасня.



Кампанія будзе праходзіць пры падтрыманні праваабарончай арганізацыі “Платформа” і Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).

Такога ў Беларусі яшчэ не было, – адзначае кіраўнік “Платформы” Андрэй Бандарэнка. – Задача нашай кампаніі – даць магчымасць людзям у рэгіёнах вырашаць праблемы, што ў іх узнікаюць, але якіх яны з тых ці іншых прычынаў вырашыць самі не могуць – праз страх наступстваў ці праз немагчымасць самастойна знайсці каналы вырашэння”.

Менск – па-за “Грамадзянскім кантролем”

“Грамадзянскі кантроль” – гэта сетка рэгіянальных актывістаў, якія будуць выяўляць і дапамагаць развязваць праблемы жыхароў беларускіх рэгіёнаў. Таму арганізатары кампаніі прынцыпова не ўключаюць у яе Менск.

У Менску сканцэнтравана дастаткова рэсурсаў, у тым ліку медыяў, актывістаў, праваабаронцаў, у той час як у рэгіёнах амаль не вядзецца ніякай працы, і людзі не ведаюць, ні да каго звярнуцца, ні што рабіць у пэўных сітуацыях”, – тлумачыць скіраванасць кампаніі Андрэй Бандарэнка.

Актывіст “ГК” і рэдактар парталу “Рагачоўскія навіныДзяніс Дашкевіч прыводзіць прыклад Жлобіна, дзе перад “Дажынкамі” бязглузда трацяцца бюджэтныя сродкі: “Як там быў цяпер, то бачыў, як падымаюць новую плітку, што клалі два гады таму, і кладуць замест яе іншую. Навошта? Гэта ж грошы падаткаплатнікаў. І людзі бачаць гэта, але не ведаюць, што яны могуць зрабіць і куды звярнуцца”.

Вось такімі выпадкамі, паводле актывіста, і зоймецца “Грамадзянскі кантроль”.

Кампанія ўжо мае сваіх прадстаўнікоў у Гомлі, Рагачове, Баранавічах, Бабруйску, Лідзе, Кіраўску, Жлобіне, Светлагорску. “Грамадзянскі кантроль” плануе ахапіць усе абласныя і буйныя раённыя цэнтры.

Выпадкі карупцыі ды правапарушэнні будуць публікавацца на адмысловых сайтах, а ахвярам супрацьпраўных дзеянняў “Платформа” і прафсаюз РЭП акажуць юрыдычную дапамогу.

“Мы прынцыпова дыстанцуемся ад палітыкі”



Андрэй Бандарэнка падкрэсліў, што “Грамадзянскі кантроль” – не палітычная структура, і не будзе ўдзельнічаць ні ў якіх палітычных кампаніях і выбарах. Актывіст “ГК” можа быць чальцом любой партыі, але пры гэтым ён не мае быць актыўна заангажаваны ў палітыку.

Мы прынцыпова дыстанцуемся ад палітыкі. “Грамадзянскі кантроль” – гэта праваабарончая кампанія, накіраваная на абарону інтарэсаў людзей, а не на лабіяванне палітычных ідэяў і ўдзел у выбарах”, – падкрэсліў лідар “Платформы”.

У той жа час, як зазначыў старшыня Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч, кампанія не адмаўляецца цалкам ад супрацы з палітычнымі партыямі: “Калі мы зможам нечым дапамагчы, ці калі нашыя інтарэсы будуць супадаць, ці гэта будзе нейкая акцыя без відавочнай палітычнай афарбоўкі, мы будзем радыя супрацы. Галоўнае – каб не імкнуліся зацягнуць нас у палітыку. Мы – грамадская ініцыятыва, а не партыя”.

ММ, belsat.eu

Стужка навінаў