Эксперты пра арышт гендырэктара «Уралькалію»: Сітуацыя абвострыцца


Арышт кіраўніка расейскай кампаніі Уладзіслава Баўмгертнера ў Беларусі моцна занепакоіў кіраўніцтва Расеі.

«Тое, што адбылося сёння, не ўмяшчаецца ні ў якія рамкі, бо, як нам даклалі і што зусім дакладна, – што кіраўнік кампаніі быў там на запрашэнне спадара Мясніковіча. Мы лічым, што гэта даволі дзіўная сітуацыя, калі мець на ўвазе характар нашых узаемаадносінаў», – гэтак пракаментаваў інцыдэнт расейскі віцэ-прэм’ер Ігар Шувалаў.

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін падкрэсліў: калі абвінавачваць некага ў развале «Беларускай калійнай кампаніі», то судовую справу трэба было б распачаць супраць «Уралкалію», а не затрымліваць генеральнага дырэктара прадпрыемства, да якога прэтэнзіі могуць мець толькі ўласнікі «Уралкалію».

«Гэтая навіна пацягне за сабою вялікія наступствы, бо расейская кіраўніцтва ніколі спакойна не адносілася да такіх дзеянняў супраць грамадзянаў Расеі, тым больш чыноўнікаў такога ўзроўню», – мяркуе палітык.
{movie}Лагвінец пра арышт кіраўніка “Уралкалію”: Варта чакаць далейшай эскалацыі |right|12190{/movie}
«Сітуацыя вельмі гарачая, і варта чакаць далейшай эскалацыі», – мяркуе палітолаг Алесь Лагвінец.

Паводле эксперта, калійнае супрацьстаянне Расеі ды Беларусі набывае новы віток: “Была прэсавая канферэнцыя на мінулым тыдні. Гэта былі адныя заявы, узаемныя абвінавачанні беларускага і расейскага бакоў. Гэта была вербальная стадыя, а цяпер мы маем пэўны «экшн»: гендырэктар «Уралкалію» – пад вартаю, больш за тое, чатырох ягоных калегаў абвесцілі ў крымінальны вышук».

Што ж зробіць Расея ў адказ на крок уладаў Беларусі? Кожны з партнёраў вельмі лёгка прымае палітычна абумоўленыя рашэнні, і гэтыя рашэнні можна прымаць у розных сферах, адзначыў спадар Лагвінец. На ягоную думку, сегментам калійных угнаенняў гэтая «вайна» не абмяжуецца. «Можа быць, зараз у Расеі знойдуць больш шкодных рэчываў у беларускіх малочных прадуктах ці ўвядуць больш абмежаванняў на імпарт у Расею беларускай свініны».

Напружанасць з расейскага боку знікне толькі тады, калі Масква паставіць больш надзейнага стаўленіка ў Беларусі або Лукашэнка будзе цалкам выконваць тое, чаго чакае Расея. З беларускага боку ўсе пытанні знікнуць, калі Расея безварункава будзе экспартаваць у Беларусь танны газ, танную нафту і не абмяжоўваць доступ Беларусі на шырокі расейскі рынак. «Гэта ж супярэчнасці, якія не вырашаюцца адным днём», – мяркуе палітолаг.

МЯ, ДП, belsat.eu

https://youtu.be/2D6rltHeZII

Глядзі таксама
Каментары