Прадзюсар Алёны Ланской памёр ад спынення сэрца


Як паведаміў народны кіраўнік праекту «Еўрафэст» Аляксандр Ціхановіч, Дзмітрый Баранаў сышоў з жыцця ўвечары 9 жніўня, ён быў за стырном аўтамабіля. Мінак бачыў, як той паспеў прыпаркавацца, але выйсці з машыны ўжо не змог.

Аляксандр Ціхановіч адзначыў, што Баранаў ніколі не скардзіўся на сэрца. Больш за тое, ён актыўна займаўся спортам, рабіў штодзённыя прабегі.

У нядзелю ў другой палове дня цела Дзмітрыя плануецца даставіць у жаночы манастыр у Навінках. Пахаванне, паводле папярэдняй інфармацыі, адбудзецца ў панядзелак, 12 жніўня.

У Дзмітрыя Баранава засталіся бацькі ды малодшы брат

«З ягоным імем звязаныя такія вядомыя праекты, як «Зорны дыліжанс», «Еўрафэст» ды іншыя, якія праводзілі тэлеканалы «Беларусь-1» і СТВ. Ён быў выдатным прафесіяналам, адным з найлепшых маладых прадзюсараў нашай краіны», – зазначыў Аляксандр Ціхановіч, які ведаў Дзмітрыя Баранава больш як 20 гадоў.

Высока выказваецца аб прафесійных і чалавечых якасцях памерлага і спявачка Алена Ланская, прадзюсарам якой той быў падчас рыхтавання да конкурсу «Еўрабачанне-2013». «Мая душа разрываецца на часткі. Дзіма быў адным з найлепшых, самым лепшым прадзюсарам: разумным, прафесійным, адэкватным. Ён мог яшчэ гэтак шмат даць мне і іншым выканаўцам», – цытуе Алену Ланскую БелаПАН.

Дзмітрый Баранаў доўгі час працаваў на Беларускім тэлебачанні. Летась яго звольнілі з тэлеканалу «Беларусь-1» пасля скандалу вакол вынікаў галасавання гледачоў на «Еўрафэсце» – нацыянальным конкурсе адбору выканаўцаў на «Еўрабачанне».

Афіцыйна ў фінале «Еўрафэсту» ў 2012 годзе перамагла Алена Ланская, але гэты вынік выклікаў неадназначную рэакцыю грамадскасці ды, у прыватнасці, галоўных канкурэнтаў Ланской, гурту «Litesound». Шуміха вакол нацыянальнага конкурсу выйшла на ўзровень кіраўніка дзяржавы, які распарадзіўся разабрацца, наколькі аб’ектыўна быў вызначаны пераможца конкурсу. Па выніках правярання Лукашэнка падпісаў указ аб прыцягненні да адказнасці шэрагу службовых асобаў, якія «не зрабілі належных захадаў дзеля забеспячэння аб’ектыўнага і справядлівага адбору беларускага прадстаўніка на конкурс песні «Еўрабачанне». Вымовы абвесцілі міністру культуры Паўлу Латушку і старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку, заўвагі – кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміру Макею, ягонаму першаму намесніку Аляксандру Радзькову і віцэ-прэм’еру Анатолю Тозіку.

Лукашэнка даручыў «неадкладна звольніць асобаў, вінаватых у скажэнні вынікаў галасавання ў фінале нацыянальнага музычнага праекту «Еўрафэст». У выніку пазбавіўся пасады толькі Дзмітрый Баранаў – на той час выканаўчы прадзюсар тэлеканалу «Беларусь-1». Яго абвінавацілі ў падтасоўцы вынікаў галасавання, хоць шмат хто казаў, быццам Баранава «зрабілі скрайнім».

УШ, паводле БелаПАН, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары