Звярніся па-беларуску і атрымаеш зніжку на падарожжа ў Бельгію


Ініцыятыву гомельскай прыватнай фірмы “Славія”, якая пры звароце па-беларуску прадавала мэблю са зніжкаю 10 %, падхапіў віцебскі цэнтр турызму “Грын Тур”. Тым, хто замовіць навагоднюю пуцёўку па-беларуску, дадуць зніжку 60 еўраў.

Тут беларускамоўныя кліенты заплацяць за навагодняе падарожжа ў сталіцу Заходняй Фландрыі Бруге на 60 еўраў менш (поўны кошт пуцёўкі 520 еўраў). Такім чынам, атрымліваецца, што шэнгенскую візу фірма зробіць бясплатна. Як распавёў адзін з кіраўнікоў “Грын Туру” Віталь Броўка, арганізаваць паездку менавіта ў гэты бельгійскі горад іх натхніў фільм Марціна МакДонаха “Залегчы на дно ў Бруге”.

Сам Віталь размаўляе выключна па-беларуску. Ён мяркуе, што загаварыўшы на роднай мове дзеля зніжкі, расейскамоўныя кліенты ўрэшце пераадолеюць унутраны бар’ер і пачнуць рабіць гэта часцей. “Мы хочам паказаць ім, што па-беларуску штодня размаўляюць звычайныя людзі, а не толькі тыя, хто належыць да мастацкага або палітычнага асяродку”, – тлумачыць ён.

Аляксандр Лібер, кампаньён Віталя, дадае, што зніжка 60 еўраў будзе дзеяць і для беларускамоўных замоўцаў фота-туру ў Барселону (поўны кошт 900 еўраў). Ён запланаваны на кастрычнік і разлічаны на тых, хто хоча навучыцца рабіць добрыя фотаздымкі. Удзельнікі праедуць аўтобусам з Менску з прыпынкамі ва Уроцлаве, Вене, Жэневе і Турыне ў суправаджэнні прафесійнага фатографа. А ў Барселоне іх чакае тыднёвы майстар-клас.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары