news
Аналітыка
Дрэнны прыклад заразлівы. Як Расея можа ўцягнуць свет у трэцюю сусветную
Што агульнага ў сённяшняй сітуацыі з Першай і Другой сусветнымі войнамі?
19.12.202307:02

У 2024 годзе свет будзе адзначаць два сумныя юбілеі – 110 гадоў з пачатку Першай сусветнай вайны і 85 з пачатку Другой сусветнай. І ўсё гэта на тле шырокага абмеркавання таго, што неўзабаве можна пачацца і трэцяя. Наколькі новы сусветны канфлікт імаверны і што ў ім супольнага можа быць з мінулымі, «Белсат» паразмаўляў з гісторыкамі, кандыдатамі гістарычных навук Яўгенам Красуліным і Аляксандрам Пашкевічам.

Плакаты з выявай Уладзіміра Пуціна прэзентаваныя ў рамках выставы пад адкрытым небам у Нацыянальным музеі гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне ў Кіеве, Украіна. 17 жніўня 2022 года.
Фота: Oleksii Chumachenko / Zuma Press / Forum

Пасля Другой сусветнай вайны ў Еўропе імкнуліся не дапускаць вялікіх новых канфліктаў. Упэўненасці ў тым, што гэта магчыма, дадало пераважна мірнае падзенне камуністычных рэжымаў і ледзь не надыход «канца гісторыі». Свет імкліва развіваўся і клапаціўся пра экалогію. Здавалася, што ХХІ стагоддзе будзе часам розуму і імклівага прагрэсу з асваеннем космасу. Але на еўрапейскае «ніколі зноў» суседняя Расея адказала: «Можам паўтарыць». І паўтарыла: у Грузіі, ва ўкраінскім Крыме і на Данбасе, а затым наагул пачаўшы поўнамаштабную вайну з сотнямі тысяч забітых і параненых ды знішчанымі ўшчэнт гарадамі.

І хоць Кіеў «за тры дні» ўзяць не ўдалося, сама вайна працягваецца. А да яе ў 2023 годзе дадаліся новыя канфлікты. Азербайджан нечакана знішчыў самаабвешчаную армянскую Нагорна-Карабахскую Рэспубліку, «Хамас» з сектару Газа ўчыніў самы масавы пасля Другой сусветнай вайны акт знішчэння габрэяў. У Амерыцы Венесуэла пагражала вярнуць «у родную гавань» дзве траціны Гаяны, у Афрыцы адна за адной паўставалі прарасейскія вайсковыя хунты, а Кітай прыглядаўся да Тайваню.

Hавiны
Лідары прарасейскіх хунтаў Малі, Нігеру і Буркіна-Фасо стварылі вайсковы альянс
2023.09.17 11:30

Усё гэта нагадвае міжваенны перыяд, дзе задоўга да 1939 года Нямеччына ўводзіла войскі ў Рэйнскую вобласць, далучала Аўстрыю і расчляняла Чэхаславаччыну, Італія нападала на Эфіопію і Албанію, а Японія вяла вайну ў Кітаі.

У каментары «Белсату» Яўген Красулін адзначыў, што канец ХІХ – пачатак ХХ стагоддзя таксама быў часам, калі еўрапейцы верылі, што вайна ў Еўропе немагчымая, бо «еўрапейцы ж дастаткова разумныя людзі, каб забіваць адзін аднаго». Але пачатак Першай сусветнай у 1914 годзе стаўся «шокам і ўдарам па веры ў чалавечы розум».

Пачатку ж Другой сусветнай, на ягоную думку, паспрыяла адмова ад маральных і этычных прынцыпаў у палітыцы:

«Чэймбэрлен [брытанскі прэм’ер. – Заўв. belsat.eu] падчас перамоваў у Мюнхене не ставіў задачу бараніць краіны, якім пагражаў Гітлер. Ён думаў толькі пра абарону Брытаніі – зрабіць так, каб брытанцы не перажылі таго, што перажылі падчас Першай сусветнай. А ў выніку, аддаўшы агрэсару гэтыя тэрыторыі, абсалютна далёкія для брытанцаў, агрэсара не задаволілі. Ягоныя апетыты ўвесь час узрасталі».

Войны былі заўсёды, але…

Як адзначыў Аляксандр Пашкевіч, войны ў чалавечай гісторыі былі заўсёды, і «не было нават кароткага перыяду, каб нідзе ніхто не ваяваў». Але, паводле яго, вайна ва Украіне вылучаецца з шэрагу іншых ваенных канфліктаў. Яна стварае беспасярэднюю небяспеку перарастання ў сусветны канфлікт, бо «яе развязала адна з дзяржаваў з прэтэнзіяй на сусветны ўплыў – Расея, а краіны NATO занялі адкрытую пазіцыю падтрымання Украіны».

«Тут, як ні ў якім іншым месцы, блізка да непасрэднага сутыкнення паміж сабой дзяржаваў, якія прэтэндуюць на асаблівае месца не толькі ў сваім рэгіёне, але ў цэлым свеце, а да таго ж валодаюць ядравай зброяй», – падкрэсліў гісторык.

На ягоную думку, шмат залежыць ад прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, паводзіны якога «далёка не заўсёды рацыянальныя і ўзважаныя, а таму часта непрагназаваныя».

У сваю чаргу Красулін адзначыў, што сённяшнія канфлікты шыхтуюцца ў лагічныя ланцужкі, унутры якіх ёсць пэўная сувязь:

«Свет падзяляецца на прыхільнікаў ліберальнай дэмакратыі і тых, хто выступае супраць. Цяпер пагрозы сыходзяць з краін, якія абіраюць курс на аўтарытарызм-таталітарызм».

Ад Траістага звязу да восі Масква – Пекін – Тэгеран

Важную ролю ў набліжэнні сусветных канфліктаў грала стварэнне вайсковых саюзаў. Яшчэ да Першай сусветнай вайны ў Еўропе паўстала з аднаго боку Антанта, у якую ўвайшлі Францыя, Брытанія і Расея, з другога – Траісты звяз з Прусіяй, Аўстра-Вугоршчынай і Італіяй, хоць апошняя пасля перакінулася да Антанты. Тасаваліся праціўнікі і ў Балканскіх войнах, што папярэднічалі глабальнаму канфлікту.

Не адразу ўдалося сфармаваць і славутую вось Берлін – Рым – Токіа. Напрыклад, Нямеччына спачатку падтрымлівала Кітай і толькі пасля аддала перавагу Японіі. Рым жа ў 1934 годзе перашкодзіў Берліну захапіць Аўстрыю. А з Савецкім Саюзам Трэці Райх у 1939 годзе дзяліў Усходнюю Еўропу і толькі пасля напаў на СССР.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Знішчальнікі F-16 вайскова-паветраных сілаў Партугаліі бяруць удзел у місіі NATO ў патруляванні паветранай прасторы краінаў Балтыі. 23 траўня 2023 года.
Фота: Petras Malukas / AFP / East News

Сёння, адзначыў Пашкевіч, у свеце ёсць толькі адзін выразны і моцны вайсковы блок – NATO, вакол якога гуртуюцца дэмакратычныя дзяржавы. Кааліцыі ж іх праціўнікаў «пакуль не адзначаюцца такой сілай і згуртаванасцю». Гісторык тлумачыць гэта тым, што агульных каштоўнасцяў у аўтарытарных і антыдэмакратычных рэжымаў, «як правіла, няма, яны ўсе вельмі розныя, ды… не любяць, каб нешта звязвала іх свабоду дзеянняў».

«Аб’ядноўвае ўсіх толькі антыамерыканізм, непрыманне дэмакратыі ды яшчэ, безумоўна, шчодрая матэрыяльная падтрымка з боку зацікаўленых актараў. Відавочна, што тая ж Расея вельмі шмат матэрыяльна ўкладалася і працягвае ўкладацца ў падтрымку розных аўтарытарных рэжымаў ува ўсім свеце», – мяркуе Пашкевіч.

Што не выключае сітуацыйных саюзаў, «асабліва ва ўмовах, калі ўсё атрымліваецца і агульнае развіццё сітуацыі прарочыць атрыманне нейкіх бонусаў».

«Расея ўжо сёння мае цесныя саюзніцкія адносіны з Іранам, хутчэй на яе баку Кітай, некаторыя краіны Азіі, Афрыкі ці Лацінскай Амерыкі. Але варта адзначыць, што гэта ўсё сітуатыўна, сапраўды шчырых і ідэйных саюзнікаў у Расеі амаль няма. Асабліва такіх, якія гатовыя былі б не толькі нешта ад яе браць, але і самі даваць, тым больш нечым істотным ахвяруючы», – падкрэсліў Пашкевіч, дадаўшы, што за Крэмль «упісвацца… да апошняга і ісці разам з ім на дно мала хто будзе».

Тым не менш, заявіў Красулін, антыдэмакратычныя краіны нават без утварэння шырокага фронту напачатку проста ствараюць «галаўны боль» сваім апанентам у гэтых рэгіёнах, не абавязкова маючы за мэту глабальны канфлікт.

«Для пачатку проста з мэтай «раздёргать» вядучыя эканамічныя і палітычныя дзяржавы свету. Але сітуацыя не статычная, а дынамічная», – сказаў ён.

Гэтак, Іран з дапамогаю сваіх саюзнікаў дэстабілізуе Блізкі Усход, падтрымліваючы сваіх проксі – палестынскі «Хамас», ліванскую «Хізбулу» і еменскіх хусітаў – у вайне з Ізраілем. «Робяцца больш частымі» інцыдэнты з удзелам Кітаю, а «геаграфію Афрыкі мы ўжо вывучаем па дыктатарскіх рэжымах».

Аналітыка
Чаму хусіты далучыліся да вайны супраць Ізраілю, і хто яны такія
2023.11.03 08:00

Тым не менш, на думку Красуліна, не ўсе аўтарытарныя рэжымы абавязкова пажадаюць «падпісацца» на глабальны канфлікт. Аднак, паводле яго, яны вельмі непрадказальныя, бо там «вырашае фактычна групка людзей, і хто яго ведае, што гэтай групцы людзей прыйдзе ў галаву».

«Гатаваць жабку на павольным агні»

Перад пачаткам Другой сусветнай вайны заходнія краіны абяцалі сваім саюзнікам дапамагчы супрацьстаяць магчымым агрэсарам. Але тады саюзнікі не прыйшлі на дапамогу. Цяпер жа, заявіў Пашкевіч, дэмакратычныя краіны «знайшлі ў сабе сілы» аб’яднацца для падтрымання Украіны падчас агрэсіі РФ, «пайшоўшы нават на адчувальныя эканамічныя страты».

«Думаю, што тое самае будзе і ў той момант, калі гэтыя краіны сутыкнуцца з непасрэднай ваеннай пагрозай ужо сабе, і дадуць у выпадку патрэбы адказ вайсковымі сродкамі. Іншая рэч, што з боку дэмакратычных краін ёсць відавочнае нежаданне пачынаць глабальны ваенны канфлікт першымі, і гэта наўрад ці зменіцца. Але і даваць сябе метадычна трушчыць па адным тыя ж краіны NATO не думаю, што будуць. Напад Расеі ці каго яшчэ на адну з іх, несумненна, будзе мець адказ», – падкрэсліў ён.

Разбор
Венесуэла, здаецца, сабралася распачаць вайну з суседняй Гаянай. Да чаго там нафта і выбары
2023.11.30 17:25

Як адзначыў Красулін, даюць «не толькі па руках, а і па астатніх частках арганізму» таксама і палестынскаму «Хамасу». Пры гэтым ЗША і Бразілія, на ягоную думку, у выпадку вайсковай авантуры Венесуэлы былі гатовыя «радыкальна вырашыць праблему гэтага не зусім адэкватнага рэжыму».

З Расеяй жа, дадаў ён, трэба дзеяць вельмі асцярожна, бо «гучная параза» РФ ва Украіне можа стварыць непрадказальныя наступствы: «Толькі разрэжаш не той дроцік – і бабахне». Менавіта гэтым Пашкевіч патлумачыў нежаданне NATO беспасярэдне ўступаць у вайну і абмежаванні ў перадачы ўзбраення ЗСУ, бо вырашана «гатаваць жабку на павольным агні».

«Калі б у Расеі не было ядравай зброі, усё б было вырашана раней і хутчэй», – сказаў Красулін.

Як Расея вучыць кепскаму

Пашкевіч заявіў, што лідары іншых краінаў уважліва сочаць за спробаю РФ «дабівацца сваіх геапалітычных мэтаў чыста сілавымі метадамі». Вынікі гэтага эксперыменту «могуць ці натхняць на яго паўтарэнне, ці, наадварот, знеахвочваць».

«І калі б па ўсім свеце натхнёныя расейскім паспяховым прыкладам аўтарытарныя кіраўнікі ініцыявалі «маленькія пераможныя войны» ўжо ў сваім рэгіёне, то рана ці позна гэта непазбежна прывяло б да канфлікту глабальнага, паколькі на парадку дня зноў стаў бы банальны перадзел свету», – падкрэсліў гісторык.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейская пускавая сістэма міжкантынентальных балістычных ракетаў «Ярс» пасля вайсковага параду ў гонар Дня Перамогі ў цэнтры Масквы, Расея. 9 траўня 2023 года.
Фота: Kirill Kudryavtsev / AFP / East News

Пакуль жа, паводле яго, «украінцам пры падтрымцы «калектыўнага Захаду» ўдалося не дапусціць дасягнення Пуціным сваіх першапачатковых мэтаў, ваенная кампанія ва Украіне зацягнулася», а супраць РФ уведзеныя заходнія санкцыі.

«Многае залежыць ад таго, ці запусцяцца ў выніку ў Расеі нейкія ўнутраныя працэсы, якія прывядуць да яе аслаблення і «смуты». Песімістам здаецца, што гэта немагчыма ў прынцыпе, але варта памятаць, што падчас Першай сусветнай вайны таксама так здавалася. Але ў выніку зацяжная вайна з няўцямнымі мэтамі, якая спярша выклікала ўсеагульны энтузіязм, скончылася рэвалюцыяй з усімі наступствамі», – нагадаў Пашкевіч.

Калі ж Расея выстаіць і даб’ецца сваіх мэтаў, то «гэта натхніць іншых, і пагроза глабальнага канфлікту ўжо найбліжэйшым часам узмоцніцца».

«Калі яе амбіцыі пры дапамозе тых метадаў, якія прымяняюцца цяпер, удасца ўтаймаваць і яна заплаціць за свае дзеянні максімальна дарагую цану, то тады, бадай, небяспека сусветнай вайны найбліжэйшым часам зменшыцца», – мяркуе Аляксандр Пашкевіч.

Ядравыя перспектывы

На думку Пашкевіча, каб шматлікія канфлікты на планеце перараслі ў сусветнае супрацьстаянне, трэба, каб чалавецтва перастала баяцца ядравай вайны:

«Цалкам магчыма, што гэтыя шлюзы адкрые практычнае выкарыстанне кімсьці ў рэальных баявых дзеяннях тактычнай ядравай зброі. І пасля гэтага яна перастане быць тым фактарам, які ад нечага стрымлівае. На жаль, на сённяшні дзень гэта ўжо не выглядае неверагодным».

Hавiны
У Расеі падчас вучэнняў адпрацавалі «масіраваны ядравы ўдар у адказ на ядравы ўдар суперніка»
2023.10.25 22:58

Як нагадаў Красулін, «некаторыя лідары ядравых краінаў ужо адыходзяць ад веры ў гарантаванае ўзаемнае вынішчэнне і пачынаюць верыць, што ўсе здохнуць, а яны трапяць у рай». На ягоную думку, гэта пры адначасовай веры значнай часткі людзей у розум тых, хто націскае на чырвоную кнопку, можа прывесці да таго, што чалавецтва «спозніцца зрабіць тыя неабходныя крокі, якія дазволяць перадухіліць глабальны канфлікт».

Агулам жа, на думку Яўгена Красуліна, агрэсію трэба душыць на ранніх этапах, як толькі з’яўляюцца палітыкі, «якія кажуць, што адсутнічае гістарычная справядлівасць, нас пакрыўдзілі, нас не слухаюць, а гэтыя землі – нашыя, а гэтыя – сфера нашых інтарэсаў, не лезьце туды іншыя». Паводле яго, патэнцыйныя агрэсары «мусяць адразу атрымліваць па руках ад усёй міжнароднай супольнасці», хаця б у выглядзе санкцыяў.

ААН нам (не) дапаможа

Агулам, дадаў Пашкевіч, чалавецтва да гэтай пары не прыдумала, як эфектыўна супрацьстаяць аўтарытарным рэжымам. Не верыць ён і ў міратворчую здольнасць ААН, якая замяніла міжваенную Лігу нацыяў, бо гэта «ў палітычным плане мёртвая структура». Паводле гісторыка, «арганізацыя, у якой аднолькавае прадстаўніцтва маюць і дэмакратычныя краіны, і абсалютна адвязаныя людаедскія рэжымы, не можа быць эфектыўнай».

«Паміж інтарэсамі розных рэжымаў трэба шукаць у такіх умовах баланс, а калі інтарэсы тыя зусім процілеглыя, то як яго знайсці? Адпаведна, па-любому будзе атрымлівацца толькі гаварыльня і прыняцце ў найлепшым выпадку фармальных рэзалюцый, якіх ладная частка суб’ектаў проста не будзе выконваць», – заявіў Пашкевіч.

Тым не менш, Красулін упэўнены, што ААН усё ж «свой эфект мае», бо «служыць пляцоўкай, дзе некаторыя канфлікты гасяцца». Прынамсі «пакуль дзейнічаюць уяўленні, што быць зусім агрэсарам і крывавым дыктатарам не камільфо».

«Індыкатарам, калі гэтая арганізацыя згубіць свой уплыў, будзе калі не выхад, то ігнараванне мерапрыемстваў ААН з боку, напрыклад, Кітаю. Гэта будзе вельмі непрыемны званочак, які будзе паказваць, што гэтая дзяржава ўжо адчула, што дастаткова цвёрда стаіць на нагах, і ёй такія міжнародныя арганізацыі непатрэбныя», – падкрэсліў Красулін.

Пакуль жа, на ягоную думку, ААН спрабуе ўтрымаць тыя саломінкі канфліктаў, якія ў выніку могуць «зламаць хрыбет вярблюду».

Hавiны
Рада бяспекі ААН ужо пяты раз не здолела ўхваліць рэзалюцыю пра вайну паміж Ізраілем і «Хамасам»
2023.12.09 09:11

Макар Мыш belsat.eu