Лідары прарасейскіх хунтаў Малі, Нігеру і Буркіна-Фасо стварылі вайсковы альянс


Малі, Нігер і Буркіна-Фасо, тры заходнеафрыканскія дзяржавы Сахэлю, якімі кіруюць вайсковыя хунты, падпісалі 16 верасня пакт аб бяспецы, абяцаючы прыйсці на дапамогу адзін аднаму ў выпадку ўнутранага паўстання або вонкавай агрэсіі. Пра гэта паведамляе Reuters.

Кіраўнік вайсковай хунты Малі падпісвае дамову з Нігерам і Буркіна-Фасо.
Фота:Colonel Assimi GOITA / X

«Любы замах на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласць аднаго або некалькіх бакоў, якія падпісалі дамову, будзе разглядацца як агрэсія супраць іншых бакоў», – гаворыцца ў дакуменце, вядомым як Альянс дзяржаў Сахэлю.

У заяве адзначаецца, што іншыя дзяржавы будуць аказваць дапамогу індывідуальна ці калектыўна, у тым ліку з выкарыстаннем збройнай сілы.

«Сёння я падпісаў з кіраўнікамі дзяржаваў Буркіна-Фасо і Нігера хартыю Ліптака-Гурмы, якая засноўвае Альянс дзяржаў Сахэлю з мэтай стварэння сістэмы калектыўнай абароны і ўзаемадапамогі», – заявіў лідар хунты Малі Асімі Гойта ў сваім акаўнце ў сацсетцы «X».

Аналітыка
Як Прыгожын браў пад кантроль краіны Афрыкі і ці можа такі сцэнар паўтарыцца ў Беларусі
2023.07.21 10:00

Рэгіён Сахэль атрымаў неафіцыйную назву «поясу пераваротаў». З 2020 годзе вайсковыя хунты захапілі ўладу ў Гвінеі, Малі і Буркіна-Фасо, дзе да ўлады прыйшлі прарасейскія сілы. Нігер жа быў галоўным хаўруснікам Захаду ў рэгіёне, але 26 ліпеня 2023 года вайсковы пераварот здарыўся і там. Кіраўнік расейскай ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын назваў падзеі ў Нігеры барацьбою з «каланізатарамі» і «здабыццём незалежнасці». Раней ён гэтак жа казаў пра пераварот у Буркіна-Фасо.

Але найбольш рашуча супраць хунты ў Нігеры выступае Эканамічная супольнасць дзяржаваў Заходняй Афрыкі (ECOWAS), куды ўваходзяць Бэнін, Гамбія, Гана, Гвінея-Бісаў, Кот-д’Івуар, Кабу-Вэрдэ, Ліберыя, Нігерыя, Сенегал, Сьера-Леонэ і Тога. ECOWAS ужо ўвёў вельмі моцныя санкцыі супраць Нігеру і запатрабаваў аднавіць на сваёй пасадзе прэзідэнта. Альянс папярэдзіў, што ў адваротным выпадку гатовы ўжыць сілу.

Кіраўнікі абаронных ведамстваў краінаў ECOWAS нават распрацавалі план ваенных дзеянняў для аднаўлення на пасадзе прэзідэнта Базума, і ўзгаднілі «дзень Д» для магчымага вайсковага ўмяшання.

Аднак яшчэ 31 ліпеня прарасейскія рэжымы ў Малі і Буркіна-Фасо заявілі, што «любое вайсковае ўмяшанне супраць Нігеру было б раўназначнае абвяшчэнню вайны» іхным краінам.

Аналітыка
Вялікая вайна Шрэдынгера ў Афрыцы. Хто за каго будзе ў Нігеры, і якімі будуць наступствы
2023.08.23 18:07

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў