У студзені – кастрычніку ВУП Беларусі павялічыўся на 3,8 %, заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў. Ён адсправаздачыўся, што, такім чынам, прагноз росту на 2023 год ужо выкананы, паведамляе Telegram-канал ураду.
Сёння ў Савеце Міністраў адбылася нарада, прысвечаная працы эканомікі. Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка казаў пра суцэльныя поспехі: за дзевяць месяцаў ВУП вырас на 3,5 %, рэальныя прыбыткі грамадзянаў у студзені – жніўні павялічыліся на 5,1 %, а ў верасні заробкі дасягнулі 1940 рублёў.
Кіраўнік ураду таксама запэўніў, што «у вонкавым гандлі захоўвацца збалансаванасць», а «супольныя з Нацбанкам захады дазволілі захаваць у прымальных параметрах узровень інфляцыі: 4,3 % да леташняга снежня».
Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў паведаміў журналістам, што, паводле папярэдніх звестак за кастрычнік, рост ВУП Беларусі ўжо выканаў гадавы план.
«Мы з апярэджаннем дасягнулі ўзроўню ВУП, што адпавядае планавай задачы году: 3,8 %. Гэта было зроблена за кошт мабілізацыі рэзерваў у сектарах эканомікі – у прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Рэзервы ёсць і ў гандлі, у будаўніцтве. Сёння аднаўляюцца практычна ўсе сектары, мы цалкам кампенсавалі страты на вонкавых рынках, у нас дастаткова добры тэмп росту заробкаў, прыбыткаў насельніцтва, узровень інфляцыі», – сказаў чыноўнік.
Гаворачы пра вонкавы гандаль, ён заявіў, што за дзевяць месяцаў фізічныя аб’ёмы экспарту выраслі на 27 %, «але гэта часткова нівелюецца цэнавым фактарам». «Сальда вонкавага гандлю таварамі і паслугамі ў нас дадатнае», – адзначыў міністр.
Паводле ягоных ацэнак, агулам «эканоміка развіваецца стабільна і ўстойліва».
А міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў паведаміў, што гадавы план прыбыткаў рэспубліканскага бюджэту плануецца датэрмінова выканаць у лістападзе і што сёлета «планаваўся дэфіцыт, але, мяркую, мы будзем у межах нулявых паказнікаў».
Сцяпан Кубік belsat.eu