43 беларусаў эвакуявалі з сектару Газа


З сектару Газа эвакуявалі беларусаў і членаў іх сем’яў, паведамляе Telegram-канал «Глас МИДа». У Егіпет з тэрыторыі анклава трапілі 43 асобы.

Памежны пераход «Рафах» з егіпецкага боку. 12 лістапада 2023 года.
Фота: Hadeer Mahmoud / Reuters / Forum

Як паведамляецца, выхад людзей з сектару Газа «беларускі бок зладзіў у кантакце з калегамі з Ізраілю і Егіпта, а таксама пры садзейнічанні Расеі і Катара».

«На цяперашні момант 43 асобы прайшлі праз памежны пераход «Рафах» на тэрыторыю Егіпта. У бліжэйшы час чакаецца іх вяртанне на радзіму», – піша Telegram-канал «Глас МИДа», які звязваюць з прэс-сакратаром міністэрства Анатолем Глазам.

Сёння дарадца кіраўніка МНС Расеі Данііл Мартынаў паведамляў пра планы эвакуяваць з Газы 48 беларусаў, чыя імёны былі ў адмысловым пераліку. Іх разам з расейцамі выправяць у Маскву самалётам.

Раней выданне «Sputnik» пісала, што агулам у палестынскім анклаве знаходзяцца «некалькі дзясяткаў беларусаў, з большага – жанчыны з дзецьмі».

Сітуацыя ў сектары Газа абвастрылася пасля нападу баевікоў «Хамасу» на Ізраіль 7 кастрычніка. У адказ габрэйская дзяржава распачала маштабную вайсковую аперацыю, ААН кажа пра «гуманітарную катастрофу» у анклаве.

Аналітыка
Баі ў «сэрцы Газы» і міжнародны ціск. Што адбываецца ў вайне Ізраілю і «Хамас»
2023.11.08 19:13

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў