Скандальнае сяброўства: стасункі Беларусі і Зімбабвэ выклікалі новыя падазрэнні


На гэтым тыдні ў нігерыйскім незалежным выданні «Vanguard» выйшаў артыкул, у якім сцвярджаецца, што беларускі праект золатаздабычы ў Зімбабвэ выкарыстоўваецца ў якасці каналу фінансавання вайны ва Украіне. Belsat.eu распавядае, чаму міжнародныя стасункі Беларусі выклікаюць усё новыя і новыя падазрэнні ды скандалы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Зімбабвэ Эмэрсан Мнангагўа на сустрэчы ў Менску, Беларусь. 17 студзеня 2019 года.
Фота: POOL / Reuters / Forum

Газета «Vanguard» 12 верасня апублікавала артыкул, у якім сцвярджаецца, што праект рэжыму Лукашэнкі, звязаны са здабычаю золата ў Зімбабвэ, можа выкарыстоўвацца для фінансавання расейскай агрэсіі супраць Украіны. Аналітык Эмэсакору Эніфомэ (Emesakoru Enifome) згадвае ў звязку з гэтым бізнесоўца Аляксандра Зінгмана і Сяргея Шэймана, сына Віктара Шэймана.

Зінгман і Шэйман-малодшы яшчэ ў 2017 годзе зарэгістравалі на Сэйшэльскіх Астравах афшорную кампанію «Midlands Goldfields Foundation». Інтарэсы сэйшэльскай структуры ў Зімбабвэ рэпрэзентавала брытанская кампанія з аналагічнаю назваю «Midlands Goldfields Limited». Менавіта гэтая фірма ў красавіку 2018 года атрымала 70-адсоткавую долю ў супольным прадпрыемстве для здабычы золата «Zim GoldFields Limited». Астатнія 30 % дасталіся Карпарацыі развіцця горназдабыўной прамысловасці Зімбабвэ – ZMDC. Расследаванне на гэтую тэму «Белсат» публікаваў у кастрычніку 2021 года

Расследaванні
«Pandora Papers»: Як сын Шэймана таемна здабываў золата ў Афрыцы
2021.10.04 20:00

У артыкуле «Vanguard» адзначаецца, што супраца Зімбабвэ з РФ і Беларуссю ў сферы золатаздабычы ва ўмовах агрэсіі супраць Украіны і выкліканага вайною харчовага крызісу ёсць недапушчальнай. У публікацыі гучыць заклік да ўрадаў афрыканскіх краінаў адрэагаваць на гэтую сітуацыю і абараніць свае народы «ад штучнага голаду, які наўмысна ствараецца Расеяй і яе хаўрусніцай Беларуссю».

«Дазвол краіне-агрэсару здабываць золата, у тым ліку на тэрыторыі Зімбабвэ, можа быць трактаваны толькі як дапамога ў фінансаванні міжнароднага тэрарызму, бо мільёны долараў, атрыманыя ад гандлю афрыканскім золатам, ідуць на фінансаванне ўзброеных фармаванняў Расеі і Беларусі і толькі павышаюць узровень пагрозы выжыванню народаў Афрыкі», – кажа Эніфомэ.

Аднак ніякіх доказаў, што кампаніі Шэймана і Зінгмана маюць дачыненне да «фінансавання ўзброеных фармаванняў Расеі і Беларусі», у артыкуле «Vanguard» не прыводзіцца – увесь матэрыял будуецца выключна на меркаванні эксперта. Акрамя таго, у тэксце не тлумачыцца, што ў прынцыпе маецца на ўвазе пад «фінансаваннем узброеных фармаванняў».

З іншага боку, журналісты «Vanguard» не першыя, хто звяртае ўвагу на золатаздабычу ў Зімбабвэ ў кантэксце вайны ва Украіне. У красавіку 2022 года Глабальная ініцыятыва супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці (GI-TOC) апублікавала даклад, у якім заявіла пра небяспеку выкарыстання Масквою незаконных угодаў з афрыканскім золатам для зніжэння эфектыўнасці заходніх санкцыяў.

На думку экспертаў GI-TOC, Расея можа выкарыстаць свой уплыў у Афрыцы, каб праз каналы нелегальнага гандлю золатам, уключаючы адмывальныя схемы, атрымліваць грошы і перамяшчаць фінансы праз межы ў абыход санкцыяў. Пры гэтым грошы ад кантрабанды золата будуць накіроўвацца на фінансаванне вайны супраць Украіны.

«Ёсць нямала варыянтаў таго, як Масква і іншыя санкцыйныя субʼекты могуць выкарыстоўваць крымінальныя сеткі і сектар золатаздабычы для абыходу санкцыяў», – адзначалася ў дакуменце.

У звязку з гэтым у спавешчанні згадваліся і беларускія праекты – бізнес Зінгмана і Шэймана.

«Прыклад кампаніі «Zim GoldFields» паказвае, як Масква можа выкарыстоўваць падстаўныя кампаніі і іншых асобаў, якія падпадаюць пад санкцыі, для атрымання сродкаў за кошт аперацыяў здабычы золата ў Афрыцы. Хаця гэтыя аперацыі і не ёсць незаконнымі паводле сваёй сутнасці, яны служаць сродкам незаконнай кантрабанды золата і адмывання грошай», – адзначалі эксперты GI-TOC.

Пры гэтым у дакладзе зноў жа не прыводзілася ніякіх доказаў, якія б сведчылі пра датычнасць Зінгмана і Шэймана да фінансавання вайны або кантрабанды золата. Там толькі адзначалася, што роля Беларусі ў афрыканскім сектары золатаздабычы «патрабуе вывучэння».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Віктар Шэйман і прэзідэнт Зімбабвэ Эмэрсан Мнангагўа. Крыніца: herald.co.zw

Падвышаная падазронасць да зімбабвійскіх праектаў рэжыму Лукашэнкі цалкам зразумелая. Стасункі Беларусі і Зімбабвэ адметныя сваёй абсалютнаю непразрыстасцю, а ў апошнія гады былі звязаныя з серыяй гучных скандалаў.

«Унікальны край»

У сакавіку 2018 года тагачасны кіраўнік справамі прэзідэнта Віктар Шэйман на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі наведаў Зімбабвэ і агучыў амбітныя планы: да 2019 года дасягнуць гандлёвага абароту з гэтаю незаможнаю афрыканскаю краінаю памерам $ 500 млн, а ў 2020-м – $ 1 млрд. Гаворка ішла пра экспарт беларускай тэхнікі ў Зімбабвэ, распрацоўванне там радовішчаў карысных выкапняў, а таксама пра супрацу краінаў у абароннай галіне.

У наступныя гады паміж Беларуссю і Зімбабвэ назіралася відавочнае нарошчванне кантактаў на найвышэйшым узроўні і пашырэнне дыпламатычных сувязяў. Шэйман неаднаразова лятаў у Харарэ, а прэзідэнт Зімбабвэ Эмэрсан Мнангагўа наведаў Беларусь, дзе сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. У студзені 2019 года ў Менску быў адкрыты ганаровы кансулат Зімбабвэ, які ўзначаліў якраз Зінгман – чалавек, якога прэса называе ключавым сувязным звяном у непразрыстых дамовах дзвюх краінаў. У ліпені 2022 года адкрылася беларуская амбасада ў Харарэ.

Hавiны
Прыватны самалёт, Зінгман і ААЭ. Што застаецца за кадрам стасункаў Беларусі і Зімбабвэ?
2020.03.24 15:49

Аднак інтэнсіфікацыя кантактаў не прывяла да прарыву ў эканамічных стасунках. Па выніках 2021 года афіцыйны гандлёвы абарот паміж Беларуссю і Зімбабвэ склаў усяго $ 25 млн, то бок у 40 разоў менш, чымся калісьці абяцаў Шэйман. Прычым дынаміка там адмоўная: у 2021-м гандлёвы абарот абваліўся на чвэрць – у 2020-м ён складаў $ 33,5 млн.

Нягледзячы на больш чым сціплыя эканамічныя паказнікі Лукашэнка дагэтуль называе Зімбабвэ «перспектыўным рынкам» і заклікае ўрад актыўна развіваць супрацу з гэтаю краінаю.

«Гэта ўнікальны край, краіна, – заявіў ён міністрам 22 жніўня 2022 года. – І ў такіх краінах вы зможаце працаваць, дзе таксама праблемаў хапае. Усё жыццё душылі Зімбабвэ санкцыямі. Напэўна, золата, алмазы спакою не даюць некаторым заходнім кіраўнікам». (Дзіўнае абвінавачванне, улічваючы, што рэжым Лукашэнкі цікавіцца ў Зімбабвэ якраз карыснымі выкапнямі).

Віцэ-прэм’ер Беларусі Пётр Пархомчык у жніўні заявіў пра значныя аб’ёмы экспарту трактароў МТЗ у Зімбабвэ – 1,3 тыс. штук.  Агулам, запэўніваў ён, толькі за першую за палову 2022 года Беларусь нібыта экспартавала ў Зімбабвэ 1400 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі. У сваю чаргу прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў, што экспарт у Зімбабвэ быццам бы вырас «у дзясяткі разоў».

Скандал з продажам пажарнай тэхнікі

Распавядаючы пра рэкордныя 1400 адзінак экспартаванай тэхнікі, Пархомчык таксама заявіў пра буйны заказ на пажарныя машыны. Продаж пажарнай тэхнікі, як і большасць экспартавых угодаў з Зімбабвэ, адбываўся праз кампанію Аляксандра Зінгмана «AFTRADE DMCC», зарэгістраваную ў ААЭ. Пра гэта афіцыйна паведамлялася на сайце кампаніі: Зінгман у прэс-рэлізе заяўляў, што беларуская тэхніка дапаможа Зімбабвэ змагацца з ляснымі пажарамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пажарная тэхніка, якую Беларусь адправіла ў Зімбабвэ ў 2021 годзе. Крыніца: aftradedmcc.com

Паступленне беларускай пажарнай тэхнікі справакавала гучны карупцыйны скандал у Зімбабвэ. Мясцовыя медыі сцвярджалі, што ўгода была звязаная з маштабнымі махінацыямі.

Паводле выдання «ZimLive», пажарныя машыны закупляліся без правядзення тэндараў за моцна завышаны кошт – $ 464 296 за адзінку (паводле розных ацэнак, гэта на $ 270–360 тыс. вышэй за рэальную цану). Гэтыя нявыгадныя кантракты міністр мясцовага самакіравання Джулі Моё (July Moyo), які раней ужо быў замешаны ў карупцыйных скандалах, навязаў мясцовым радам. Аплочваць тэхніку планавалася з мясцовых бюджэтаў.

Як піша «ZimLive», канчатковым бенефіцыярам гэтай непразрыстай угоды быў усё той жа Зінгман – чалавек, набліжаны не толькі да Віктара Шэймана, але і да сям’і Эмэрсана Мнангагўы. Агулам ішла размова пра кантракт на куплю 70 адзінак пажарнай тэхнікі коштам $ 32 млн. Паводле іншых звестак, тэхнікі было яшчэ больш, а канчатковая сума мусіла скласці $ 55 млн.

Скандал вакол закупкі пажарных машынаў меў вялікі рэзананс у Зімбабвэ. Зімбабвійскія парламентарыі ад апазіцыі і кіроўнай партыі асудзілі ўгоду. Дэпутаты паставілі пад сумнеў неабходнасць закупу пажарных машынаў, тым больш з такімі тэхнічнымі характарыстыкамі – у паселішчах, дзе няма высокіх будынкаў, наўрад ці можа спатрэбіцца пажарны аўтамабіль з 80-метровай стралой.

«Навошта купляць пажарную машыну для якой-небудзь мясцовай управы, дзе танней даць згарэць хаце, чым імчацца на пажарнай машыне да гэтай хаты?» – абураліся некаторыя палітыкі.

Намесніца міністра мясцовага самакіравання Мэр’ян Чомба, выступаючы ў парламенце, заявіла, што ўгода не была праведзеная праз звычайныя тэндарныя працэсы, бо гэта міжурадавае пагадненне. На гэта дэпутаты заявілі аб несапраўднасці ўгоды, бо такія выдаткі павінны быць ухваленыя парламентам, паведамляла ў ліпені мясцовае выданне «New Zimbabwe».

Апазіцыя прыгразіла, што падкантрольныя ёй мясцовыя рады будуць сабатаваць закуп пажарных машынаў. У жніўні стала вядома, што ад закупу беларускіх машынаў у прыватнасці адмовілася мясцовая рада зімбабвійскага гораду Булаваё. Абурыліся і гарадскія ўлады Харарэ: там заявілі, што сталіцы насамрэч патрэбныя машыны хуткай дапамогі, а не пажарная тэхніка.

Скандалу з экспартам пажарных машынаў у Зімбабвэ ні прадстаўнікі кампаніі «AFTRADE DMCC», ні беларускія чыноўнікі ніяк не каментавалі.

Hавiны
Дыяменты, прадукцыя ВПК і пагроза перавароту. Што трэба ведаць пра арышт Зінгмана ў Конга
2021.03.31 09:00

Варта нагадаць, што гэта далёка не першы скандал, звязаны з Аляксандрам Зінгманам. Яшчэ вясной-летам 2020 года ў афрыканскіх медыях пачалі з’яўляцца публікацыі пра датычнасць бізнесоўца да гандлю зброяй. Летась у сакавіку бізнесовец быў затрыманы ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга якраз паводле падазрэння ў гандлі зброяй. Зінгман правёў у няволі 12 дзён і быў вызвалены без выстаўлення абвінавачвання. Потым ён усяляк зняпраўджваў сваю датычнасць да збройнага бізнесу.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў