Затрыманні па вяртанні з-за мяжы і ціск на сваякоў добраахвотнікаў, што ваююць ва Украіне


«Белсат» вядзе штодзённую хроніку ўціску, які рэжым аказвае на беларусаў. Прыводзім падборку фактаў рэпрэсіяў за 15 жніўня.

Былы палітвязень Андрэй Іванюшын, які 2 чэрвеня 2023 года выйшаў на волю пасля адбывання 2,5 гадоў пакарання за гвалт над міліцыянтам, быў зноў затрыманы. Нагадаем, што байкера Іванюшына асудзілі ў 2021 годзе за бойку з міліцыянтамі каля гандлёвага цэнтра «Еўропа» ў Менску. Зараз мужчына знаходзіцца на Акрэсціна.

Пасля вяртання з Польшчы ў Беларусь была затрымана сямейная пара Міхалевічаў. На «пакаяльным відэа» муж і жонка кажуць пра тое, што пасля ўдзелу ў пратэстах выехалі ў Польшчу, але праз тры гады вырашылі вярнуцца. Як доказ удзелу сілавікі дэманстравалі іх фотаздымкі падчас маршаў.

Палітзняволены Андрэй Сачэўка, асуджаны ў 2022 годзе да 6 гадоў пазбаўлення волі, быў накіраваны ў памяшканне камернага тыпу. Гэта адбылося яшчэ ў пачатку жніўня. Таксама праваабаронцы паведамляюць, што да гэтага мужчына, які мае псіхічнае захворванне, быў змешчаны на 23 содняў у ШІЗА.

Маці добраахвотніка Ціхана Клюкача Іна Калацкая, затрыманая 15 жніўня 2023 года. Крыніца: Вясна – Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Сілавікі затрымалі маці былога палітвязня і добраахвотніка Ціхана КлюкачаІну Калацкую. Жанчына мае адукацыю псіхолага і жыве ў Берасці. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа вінавацяць яе ў датычнасці да экстрэмізму. Паведамляецца, што жанчыну змясцілі на содні ў ІЧУ па адміністрацыйным артыкуле.

Пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму атрымаў Вячаслаў Янюк за тое, што ў 2020 годзе неаднаразова размяшчаў у тэлеграм-каналах «Іхтыяндры Гродна», «Гордыя гродзенцы», «Гародня 97%», «МАЯ КРАІНА БЕЛАРУСЬ» «агульнадаступныя паведамленні, якія змяшчалі выказванні пабуджальнага характару і заклікалі да гвалтоўных дзеянняў», як гаворыцца ў прысудзе. У Вячаслава ёсць непаўнагадовае дзіця.

Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманне беларуса, які вяртаўся са Злучаных Штатаў Амерыкі. Мяркуецца, што затрыманне праводзілі супрацоўнікі КДБ, затрыманага завуць Георгій Чаравака. Як сцвярджаецца, перад паездкай у ЗША сілавікі апытвалі яго, але не затрымалі. У чым абвінавачваюць мужчыну, пакуль невядома.

15 жніўня рашэннем Вярхоўнага суда РБ была ліквідаваная Аб’яднаная грамадзянская партыя. Яе кіраўнік, Мікалай Казлоў, зараз знаходзіцца за кратамі, ён асуджаны да 2,5 гадоў.

14 жніўня да двух з паловай гадоў быў асуджаны жыхар Баранавічаў Сяргей Адаська. Судзілі яго, як адзначае праваабарончы цэнтр «Вясна», па некалькіх пратэсных артыкулах: абраза Аляксандра Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК), абраза прадстаўніка ўлады (арт.369 КК) і здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК).

Паўтара года «хатняй хіміі» атрымала Вольга Колас з Фаніпаля па «народным» артыкуле (ч. 1. Артыкул 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Як паведамляецца, Вольга ўзяла на пратэсную акцыю ружу белага колеру і белую стужку. Паводле прызнанняў жанчыны ў судзе, нагодай выйсці на мітынг стаў гвалт з боку сілавікоў пасля правядзення прэзідэнцкіх выбараў.

Стала вядома, што рэсурс «Гомельская вясна» быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Як піша само выданне, у апісальнай частцы табліцы з «фармаваннямі» насупраць наймення рэсурсу значыцца прозвішча былой журналісткі, палітзняволенай Ларысы Шчыраковай, над якой зараз ідзе суд.

«Экстрэмісцкім фармаваннем» прызнаны стартап-хаб «Imaguru». Праз два месяцы пасля вымушанага ад’езду з Беларусі ў красавіку 2021 года «Imaguru» адкрыў штаб-кватэру ў Мадрыдзе, а зараз актывізуе сваю дзейнасць у Еўропе. Таксама стартап-хаб стаў партнёрам Google for Startups.

Інтэрв’ю
Айцішнікі з’язджаюць, за імі паехаў стартап-хаб «Imaguru». Што будзе далей з беларускім IT?
2021.08.01 10:18

Пастару пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» Вячаславу Ганчарэнку, якога ўчора затрымлівалі 20 аўтаматчыкаў з ГУБАЗіК, прысудзілі 10 содняў арышту, нібыта за непадпарадкаванне, а ягонаму зяцю, якога затрымалі разам з ім, Іллю Будаю, 5 сутак за дробнае хуліганства.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў