У лістападзе вынесуць прысуд у справе малайзійскага «Боінга», збітага над Данбасам у 2014 годзе


Акруговы суд Гаагі ў Нідэрландах 17 лістапада вынесе рашэнне ў справе малайзійскага лайнера MH17, збітага на ўсходзе Данецкай вобласці ў 2014 годзе.

Малайзійскі «Боінг», які ляцеў рэйсам МН17 з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур. / BBC

Вынясенне прысуду зойме паўдня, паседжанне адбудзецца, імаверна, у другой палове дня, паведамляецца ў афіцыйным Twitter-акаўнце суда.

Абвінавачанымі ў справе праходзяць чатыры асобы: расеец Ігар Гіркін, былы афіцэр ФСБ, які на той час займаў пасаду «міністра абароны» самаабвешчанай ДНР, а таксама трое ягоных падначаленых, расейцы Сяргей Дубінскі і Алег Пулатаў ды ўкраінец Леанід Харчанка.

Паводле версіі следства, усе чацвёра маюць непасрэднае дачыненне да транспартавання і пуску 17 ліпеня 2014 года ракеты з ЗРК «Бук», якой быў збіты пасажырскі «Боінг», што ляцеў рэйсам MH17 з Нідэрландаў у Аўстралію. У выніку крушэння загінулі ўсе 298 чалавек на борце: 283 пасажыры і 15 чальцоў экіпажу.

Абвінавачанне запатрабавала ўсім чацвярым пажыццёвыя тэрміны, аднак ніхто з іх яшчэ не затрыманы.

Баевікі рабілі фота на фоне абломкаў збітага малайзійскага самалёта.
Фота: censor.net.ua

Міністэрства абароны РФ і іншыя афіцыйныя асобы Расейскай Федэрацыі публічна зняпраўджваюць высновы расследавання і адмаўляюць усялякую датычнасць да катастрофы.

Катастрофа рэйсу MH17 увайшла ў дзясятку найбуйнейшых авіякатастрофаў за ўсю гісторыю і зрабілася найбуйнейшай авіякатастрофай на постсавецкай прасторы.

Hавiны
ПАСЕ: Рэйс MH17 быў збіты расейскай ракетай «Бук»
2022.06.23 21:59

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў