Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova» распачаў збор заявак


Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova» адкрыў збор заявак на ўдзел у фестывалі ў 2022 годзе.

Апошні раз падзея праходзіла ў кастрычніку 2020-га ў Менску. Цяпер арганізатары анансуюць фестывальныя дні ў чэрвені 2022-га ў Тбілісі, Кракаве, Варшаве і Вільні. Цэнтральнай тэмай фестывалю стане паняцце дому.

«Pradmova» – гэта пляцоўка для камунікацыяў паміж удзельнікамі літаратурнага працэсу і кніжнай сферы. Традыцыйна ў фестывалі прымаюць удзел найлепшыя беларускія і замежныя пісьменнікі, а праграма складаецца з дзясяткаў мерапрыемстваў розных фарматаў. Важнай часткай кожнага фестывалю становіцца кніжны кірмаш.

Да ўдзелу ў фестывалі запрашаюцца пісьменнікі, паэты, філосафы, журналісты, музыканты – усе, чыё жыццё звязанае з літаратурай і выдавецкай дзейнасцю. Арганізатары чакаюць прапановаў на мерапрыемствы не толькі ў офлайн, але і ў онлайн. У 2022 годзе «Pradmova» адбудзецца ў фармаце аднадзённых фестываляў у Тбілісі – 4 чэрвеня, Кракаве – 11 чэрвеня, Варшаве – 18 чэрвеня, Вільні – 25 чэрвеня.

Падаць заяўку на ўдзел можна да 25 красавіка ўключна. Дадатковую інфармацыю можна знайсці тут.

РР belsat.eu

Стужка навінаў