«Гэта злачынны рэжым». Кіраўніца МУС Літвы выказалася наконт стасункаў з Беларуссю


Міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце назвала чаканым рашэнне Беларусі забараніць увоз літоўскіх тавараў. Пра гэта піша Delfi.

Міністарка МУС Літвы Агне Білатайце дае інтэрв’ю журналістам ля пункту пропуску «Лаворышкес» (з беларускага боку – «Катлоўка») напярэдадні закрыцця двух пераходаў. 29 лютага 2024 года.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

Паводле міністаркі, рашэнне беларускага боку выглядае як адказ на дзеянні Літвы, накіраваныя на супрацьдзеянне гібрыдным атакам рэжыму Аляксандру Лукашэнкі.

«Што тычыцца беларускага рэжыму, мяркуючы па прагназуемасці ягоных дзеянняў, мы сёння не можам сказаць, чаго мы можам чакаць. Гэта злачынны рэжым. Тое, што пакуль адбываецца супраць нас як краіны, – гэта арганізаваная гібрыдная атака з выкарыстаннем мігрантаў і розныя іншыя правакацыі. Як гэта ацаніць (рашэнне Беларусі спыніць імпарт з Літвы)? Гэтага і трэба было чакаць, гэта той ці іншы адказ», – сказала журналістам Агне Білатайце.

Міністарка падкрэсліла, што памежнікі і іншыя службоўцы гатовыя рэагаваць на беспарадкі на мяжы з Беларуссю, калі такія ўзнікнуць.

«Што датычыцца аховы мяжы і грамадскага парадку, нашыя службы працуюць на максімуме, яны гатовыя, ёсць накіраванасць, максімум намаганняў – на забеспячэнне грамадскай бяспекі», – растлумачыла кіраўніца МУС.

Нагадаем, Літва з 1 сакавіка 2024 года закрыла два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю: «Лаворышкес – Катлоўка» і «Райгардас – Прывалка».

Афіцыйны Менск паабяцаў «жорстка адрэагаваць» на гэтыя дзеянні ды 14 сакавіка ўвёў забарону на ўвоз і распаўсюд некалькіх груп тавараў з Літвы. Пры гэтым 15 сакавіка прэмʼер-міністр Раман Галоўчанка даў зразумець, што беларускі бок гатовы скасаваць гэтыя абмежаванні, калі літоўскі бок адновіць працу пунктаў пропуску. «Самае галоўнае для нас – нармалізаваць транспартавыя плыні», – падкрэсліў ён.

Hавiны
«Мы да дыялогу гатовыя». Афіцыйны Менск хоча нармалізаваць транспартавыя плыні з Літвою
2024.03.15 17:57

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў