Замест пасла Чэхіі ў Беларусі будзе часовы павераны


Цяперашні пасол Чэхіі ў Беларусі будзе прызначаны на новую пасаду. Пра гэта напісаў у сваім Twitter абраны прэзідэнт Пэтр Павэл. Замест пасла ў Менску будзе часовы павераны, што азначае ўзровень прадстаўніцтва ніжэйшы, чым цяпер. 

Томаш Пэрніцкі. Крыніца: vitvesti.by

15 лютага стала вядома, што дзейны пасол Чэхіі ў Беларусі Томаш Пэрніцкі (Tomáš Pernický) будзе прызначаны на пасаду дырэктара пратаколу ў адміністрацыі абранага прэзідэнта Пэтра Павэла (Petr Pavel).

«Досвед, адказнасць і ўменне прымаць складаныя рашэнні. Гэтыя якасці аб’ядноўваюць амбасадара Яраслава Заічака, якога я абраў на пасаду дырэктара Дэпартаменту замежных справаў, і Томаша Пэрніцкага, які стане дырэктарам Дэпартаменту пратаколу. Я з нецярплівасцю чакаю працы», – напісаў Пэтр Павэл.

Паводле выдання «Lidovky», замест пасла ў Менск будзе прызначаны часовы павераны, што азначае паніжэнне ўзроўню дыпламатычнага прадстаўніцтва. Адносна ж новага прызначэння Томаша Пэрніцкага выданне піша, што ён у мінулым быў дырэктарам дыпламатычнага пратаколу ў МЗС Чэхіі і добра разумее гэтую справу.

У Менск Пэрніцкі быў прызначаны ў кастрычніку 2018 года, уручэнне даверчых граматаў адбылося чатыры гады таму, 21 студзеня 2019 года.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў