Кіраўнік СК Беларусі назваў беларускіх следчых «вернымі таварышамі» расейцаў


Кіраўнік СК Беларусі накіраваў у Маскву віншаванні з нагоды дня ўтварэння Следчага камітэту Расеі. «Следчыя Беларусі заўсёды былі і з’яўляюцца вернымі таварышамі, якія гатовыя стаяць плячо ў плячо на варце правапарадку на тэрыторыі нашай Саюзнай дзяржавы», – адзначыў Дзмітрый Гара.

Старшыня Следчага камітэту Беларусі Дзмітрый Гара. 14 чэрвеня 2021 года. Скрыншот з відэа: belpresscenter / Youtube

У Telegram-канале Следчага камітэту Беларусі апублікавалі віншаванні свайго старшыні з нагоды дня ўтварэння СК Расеі. Дзмітрый Гара ўпэўнены, што расейскае ведамства забяспечвае «сацыяльна-эканамічную бяспеку, правапарадак і з’яўляецца неад’емным звяном у сістэме абароны правоў, законных інтарэсаў грамадзянаў, грамадства і дзяржавы».

«Будучы сапраўднымі афіцэрамі і патрыётамі сваёй краіны, вы ўжо не раз даказалі на справе, што веру ў закон і непадробнае пачуццё справядлівасці нельга зламаць. У сваю чаргу, следчыя Беларусі заўсёды зʼяўляліся і зʼяўляюцца вернымі таварышамі, якія гатовыя стаяць плячо ў плячо на варце правапарадку на тэрыторыі нашай Саюзнай дзяржавы», – гаворыцца ў віншаванні кіраўніка беларускага СК.

Дзмітрый Гара першую вышэйшую адукацыю атрымаў у Маскве: у 1993 годзе скончыў Ваенны Чырванасцяжны інстытут паводле спецыяльнасці «Правазнаўства».

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў