Дачку актывіста БХД завезлі ў лес і аблілі фарбаю


Раней невядомыя ўжо пагражалі Наталлі Шэлег, ды патрабавалі, каб бацька спыніў палітычную дзейнасць

“Пабегала спачатку, потым прыйшла на турнікі, ужо было гадзіна 7-я хіба. Пачала на турніках размінацца і адчула моцны ўдар па галаве – страціла свядомасць, адключылася. Як прачнулася, паглядзела на гадзіннік – ужо была 8-я раніцы, і я ляжала ўжо ў лесе”. – кажа дзяўчына.
{movie}Спроба запужаць (27.07.2013)|right|11805{/movie}
Наталлю не толькі завезлі ў лес, але забралі ў яе ключы ад кватэры і знялі боты, а рукі і твар выпацкалі чорнаю фарбаю. Толькі праз некалькі гадзінаў ёй ўдалося выбрацца з лесу і звязацца са сваякамі. Лекары канстатавалі ў дзяўчыны струс мозгу. Раней, узгадвае Наталля, двое маладых мужчынаў спрабавалі застрашыць яе ў пад’ездзе дому.

Бацька Наталлі, Вячаслаў Шэлег, лідар бабруйскіх прадпрымальнікаў і актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, звязвае знікненне дачкі са сваёй актыўнаю палітычнаю дзейнасцю: “Цяпер я маю намер, каб дачка вось трохі прыйшла ў сябе, і пісаць заяву ў Следчы камітэт, у пракуратуру, каб забяспечылі бяспеку маёй сям’і. Бо я раблю выснову, што пагрозы гэтыя – застрашванні, наезды на дзіця – спосаб ціску на мяне як апазіцыйнага палітыка”.

Выпадкі з нападамі невядомых на актывістаў у Беларусі ўжо здараліся. Сёлета ў студзені двое мужчынаў з лаянкаю на адрас палітычнай дзейнасці актывісткі “Еўрапейскай Беларусі” напалі на Юлію Сцяпанаву.

Праваахоўнікі дасюль нікога не знайшлі. У снежні ж 2011 года ў Беларусі меў месца яшчэ больш брутальны напад на актывістак украінскай арганізацыі “Femen”. Міліцыя нават не распачала крымінальнай справы. У Ельскім РАУСе сцвердзілі: звесткі пра інцыдэнт не пацвердзіліся.

Вольга Кляўчэня, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў