Новы пратэст прадпрымальнікаў будзе яшчэ больш радыкальны?


Пасля аднадзённага папераджальнага страйку 27 чэрвеня амаль усе рынкі ў Беларусі працуюць без перапынку. Аднак пратэст дробных бізнесоўцаў можа распачацца зноў. І стаць яшчэ больш вострым, чымся папярэдні.

ВЯЧАСЛАЎ ПІЛІПУК, АКТЫВІСТ РГА «ПЕРСПЕКТЫВА»:

“Шмат хто з прадпрымальнікаў кажа, што трэба спыняцца на нацыянальную галадоўку”.

Бо калі ўрад не пойдзе на саступкі, галадаць ім давядзецца ў літаральным сэнсе. Адсюль і заявы, што сталіся рэакцыяй на чарговае рашэнне, якое на сваім паседжанні прыняў напярэдадні Савет Міністраў.

{movie}Саступкі або пратэст (06.07.2013)|right|11486{/movie}

САВЕТ МІНІСТРАЎ БЕЛАРУСІ:

«Паводле вынікаў усебаковага разгляду пытання была адзначаная неабходнасць выканання тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюзу «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці» ўсімі суб’ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці».

Хоць пэўная палёгка таксама будзе – пацвердзіў урад. Да 1 ліпеня наступнага года дазваляецца гандляваць без сертыфікатаў – замест яго гандляры маюць выдаваць дакумент з інфармацыяй пра тавар і забавязаннем абмяняць яго ці вярнуць грошы ў выпадку неадпаведнасці тэхрэгламенту. Да першага лістапада гэтага года індывідуальныя прадпрымальнікі пазбегнуць і пакарання за яго парушэнне. Вялікага энтузіязму, аднак, гэтыя саступкі не выклікаюць.

ПРАДПРЫМАЛЬНІЦА, БЕРАСЦЕ:

“Мы проста не зможам працаваць. Мы і так усе будзем дапрацоўваць. Дапрацоўваць да 1 лістапада”.

Лідары прадпрымальніцкага руху тым часам анансуюць новыя акцыі. На першую з іх – Марш пратэсту 15 ліпеня – ужо падалі заяўку ў Менгарвыканкам. Палітолагі, што праўда, не спадзяюцца надта на перамогу ды называюць тэхрегламент чарговаю пасткаю Мытнага саюзу, з якой няма выйсця. Ні для бізнесоўцаў, ні для ўраду ў Менску.

ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:

“Каб нешта змяніць, патрэбныя б былі высілкі прадпрымальніцкага руху і Казахстану. Але там мала каго гэта цікавіць, бо там зусім іншая роля ўлады”.

Ведаючы ж гісторыю прадпрымальніцтва ў нашай краіне, не трэба варажыць, чым абернецца тэхрэгламент для дробных бізнесоўцаў: штрафамі, канфіскацыяй тавару і пазбаўленнем ліцэнзіі. І ўрэшце, імаверна, канчатковаю маргіналізацыяй класу, які гэтак недаспабоды кіраўніку Беларусі.

Вольга Жарнасек, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў