Новая мода беларусаў: шлюбы з Сапегамі


Магчымасць пабрацца ў замку ў Беларусі з’явілася не гэтак даўно. Афіцыйна такая паслуга існуе ўсяго ў некалькіх месцах. Цяпер да іх далучыўся і знакаміты палац у Ружанах.

Яшчэ нядаўна палац, пабудаваны ў XVI ст. у стылі барока, быў суцэльнаю руінаю. Цяпер тут аднавілі два флігелі ды ўязную браму. У будынках месціцца музей, які займае пяць залаў. У адной з іх – «Гасцёўні канцлера» з інтэр’ерамі XVII–XVIII ст. – ад нядаўна можна афіцыйна зарэгістраваць шлюб.

Гістарычныя строі з Пружанаў

Пад гукі фанфараў маладых падвозяць да палацу, які ахоўваюць стражнікі ў гістарычных строях. Прывітаць гасцей выходзіць світа. А за ёю і вядомы дзяржаўны дзеяч і дыпламат Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега з жонкаю Альжбетаю Радзівіл. Яны даюць наказ жаніху і нявесце. Усё адбываецца пад гістарычную музыку ў выкананні аркестру школы мастацтваў з суседніх Пружанаў.

Стылізаваную адзежу і вопратку паводле малюнкаў XVI–XVII ст. шые студыя «Папараць-кветка» пры Пружанскім палацы культуры. Паводле працаўніцы Ружанскага дому культуры, якая выконвала ролю Сапежанкі, надзець сукенку з характэрным для тых часоў каркасам займае каля 40 хвілінаў.

Пасля рэгістрацыі шлюбу гаспадары палацу ўручаюць маладым ліст, завераны пячаткаю Льва Сапегі. Гасцей пояць віном з трохлітровага кубка – копіі таго, з якога гаспадар частаваў караля Уладзіслава IV Вазу. Пасля цырымоніі ўсе фатаграфуюцца ў музейных залах. Паводле супрацоўнікаў музея, паслугаю пакуль карыстаюцца мясцовыя пары. З вялікіх гарадоў або сталіцы ніхто не прыязджаў.

Першаю была Горадня

Абіраць месцам шлюбу не ЗАГС, а гістарычныя і памятныя мясціны ў Беларусі афіцыйна дазволілі ў 2009 г. Тады выйшла пастанова Міністэрства юстыцыі «Аб забеспячэнні ўрачыстай абстаноўкі пры рэгістрацыі заключэння шлюбу». Яна дазволіла ЗАГСам увесці новую паслугу: выезд рэгістратара на месца цырымоніі. Раней даводзілася дамаўляцца неафіцыйна.

У Горадні ж працаўнікі ЗАГСаў самі выступілі з ініцыятываю рэгістраваць шлюбы ў Авальнай зале Новага замку, дзе напрыканцы ХVІII стагоддзя размяшчалася каралеўская прыёмная. Гэта адбылося ў 2008 г., яшчэ перад выйсцем пастановы. Кіраўніцтва Гарадзенскага дзяржаўнага гiсторыка-археалагiчнага музею, які месціцца ў Новым замку, падтрымала тады новаўвядзенне.

Шлюб і першая ноч у Мірскім замку

Бадай, найбольш разнастайную праграму прапаноўвае Мірскі замак. Тут маладых сустракае прыдворны архітэктар, які суправаджае пару і гасцей падчас экскурсіі. Далей з’яўляецца яшчэ адзін персанаж: мірская свацця – яна прымусіць паказаць глыбіню пачуццяў і давесці жаданне пабрацца шлюбам.

Для ўрачыстай цырымоніі можна абраць Партрэтную залу (рэканструяваная на XVIІІ ст., з’явілася ў замку пры Радзівілу Рыбаньку) або Слановую (пачатак ХХ ст., з’явілася ў замку пры князі Святаполк-Мірскім). Тут створаныя ўмовы і для банкету: у замку ёсць рэстаран і начны бар «Вежа». Правесці першую шлюбную ноч маладым прапаноўваюць у замкавым гатэлі.

Віншаванне ад Радзівіла “Рыбанькі”

У Нясвіжы шлюбы рэгіструюць у гарадской ратушы – у зале паседжанняў магістрату на другім паверсе. Маладых таксама сустракаюць стражнікі, за імі – слугі з кандэлябрамі ў руках, гучыць музыка радзівілаўскіх часоў.

Пасля афіцыйнай цырымоніі мужа і жонку віншуюць артысты ў вобразах Барбары Радзівіл і ейнага мужа, караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста. У падарунак маладыя атрымліваюць іменную грамату. Як варыянт – тэатралізаванае віншаванне ад «галавы Нясвіжскага магістрату» з уручэннем Пастановы Нясвіжскага магістрату.

Сказаць адно аднаму запаветныя словы цяпер можна і ў палацы Радзівілаў. Вы абмяняецеся пярсцёнкамі пад скляпеннямі Тэатральнай залы, закруціцеся ў першым вальсе пад гукі класічнай музыкі, а першыя віншаванні прагучаць з вуснаў гаспадароў палацу – Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі ды ягонай жонкі Францішкі Уршулі.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў