Дзе ў Беларусі шыюць «Armani»


А ў Літве ды Польшчы можна набыць пашытую ў Беларусі вопратку ад «Mexx», «Marks & Spencer», «Pierre Cardin» ды іншых вядомых брэндаў.



Беларускія кравецкія фабрыкі працуюць з еўрапейскімі брэндамі паводле давальніцкіх схемаў – калі замоўца разам з замоваю дае сваю сыравіну і лякалы. Гэткая супраца распачалася яшчэ ў 1990-я гады і да мінулага года была вельмі актыўная. У свой час бабруйская фабрыка «Славянка» шыла вопратку для «Pierre Cardin», «Sonia Rykiel», «Hugo Boss», «Adidas», «Nike», а аршанскі «Світанак» – для «Mexx» і «Valentino».

Сёння менская «Элема» шые адзенне на замову «Gerry Weber» і «Marks & Spencer». З брытанскімі брэндамі таксама працуюць на фабрыцы «Лона» ў Кобрыне – шыюць драпавыя жаночыя паліто для «Marks &Spencer» і «Next».

Гарадзенская фабрыка «Ювіта» на сваім сайце распавядае, што шые для «Mexx», «Promiss», «Vogele», «Sting», «Aust» ды інш. На самой фабрыцы дадалі, што цяпер выконваюць замовы для «S.Oliver» і «Bonita».

А на «Рэчыцкім тэкстылі» шыюць халаты «Armanі» для экспарту ў ЗША. Як распавяла намесніца дырэктара ў камерцыйных пытаннях Іна Ласіца, прадпрыемства распрацавала ўласныя тканіны, мадэлі, адшыла ўзоры, якія спадабалася прадстаўнікам «Armanі»: «Але яны хочуць нашую якасць ды паводле кітайскіх коштаў, якія нашмат ніжэйшыя. Мы працаваць задарма не хочам, таму цяпер у нас ідзе працэс узгаднення коштаў».



Праца паводле давальніцкіх схемаў – выгадна ці стратна?



Як адзначае эканаміст Леанід Заіка, сёння перанос нізкакваліфікаванай працы на Усход – агульна прынятая сусветная практыка сярод буйных вытворцаў, якія шукаюць, дзе можна пашыць больш і танней. Таму працуюць з Кітаем, В’етнамам, Індыяй, Турцыяй, Інданезіяй, Бангладэшам. Беларусь трапіла ў гэты спіс, бо, як адзначае эканаміст Леанід Заіка, мае вельмі танную працоўную сілу. Што можа быць і канкурэнтнаю перавагаю: «У нас вельмі нізкія выдаткі на заробкі. У гэтым ёсць і перавага для нас, перад той жа Расеяй, і яе трэба выкарыстоўваць. Працуючы паводле давальніцкіх схемаў, сёння можна павялічыць даходы лёгкай прамысловасці. Гэта шанец для шмат якіх прадпрыемстваў працаваць на перспектыву, атрымліваць замовы і заробкі».

Не згаджаецца з адмыслоўцам спадарыня Ласіца, паводле якой, прадпрыемства пагаджаецца на такую супрацу перадусім праз безвыходнае становішча.

Шыць у Бангладэшы ўсё ж танней, чымся ў Беларусі



Дырэктары кравецкіх фабрык адзначаюць: з пачатку годa аб’ёмы давальніцкіх замоваў зменшыліся. Дырэктар бабруйскай «Славянкі» Тэймураз Бачарышвілі распавядае, што на пачатку годa дашылі апошнюю замову ад «Sonia Rykiel» і праца з вядомымі еўрапейскімі брэндамі прыпынілася: «Сёння мы працуем толькі з фінскаю фірмаю «Finn flare» – шыем для іх жаночыя паліто. З вядомымі еўрапейскімі брэндамі пакуль не працуем. Цяпер маюцца пэўныя цяжкасці з давальніцкімі схемамі. У Беларусі еўрапейцам становіцца ўсё даражэй нешта замаўляць, і замовы сыходзяць усё далей на Паўднёвы Усход – у Кітай, В’етнам, Бангладэш, бо там вельмі танная працоўная сіла, таннейшая, чымся ў нас».

Такое становішча апісвае і дырэктар гомельскага «Камінтэрну» Пётр Афончанка: «Год–два таму працавалі з Брытаніяй, Чэхіяй, з галандцамі. Для «Mexx» шылі. На гэты момант з Еўропаю не працуем. Прапрацоўваецца замова ад галандцаў, але неяк марудна». Паводле спадара Афончанкі, цяпер у Беларусі давальніцкія схемы не так квітнеюць, як некалі, бо ў Кітаі, Турцыі, Узбекістане еўрапейцам стала значна танней замаўляць: «Тыя ж галандцы кажуць, што ў нас вельмі высокія ўвазныя падаткі, што ім нявыгадна».

Але хоць і шыюць беларускія фабрыкі брэндавыя рэчы, набыць іх беларусам усё адно праблематычна. Бо ўсё, што шыецца паводле давальніцкіх схемаў, ідзе на экспарт, а адкрываць свае фірмовыя крамы большасць еўрапейскіх кампаніяў Беларусі не спяшаецца.

«У брэндавых кампаніяў існуе ўласная палітыка коштаў. І, відавочна, маркетолагі гэтых кампаніяў пакуль не бачаць сэнсу ствараць у нас продаж, бо прыбыткі ў асноўнай часткі нашага насельніцтва невялікія, пакупніцкая здольнасць нізкая», – мяркуе Леанід Заіка.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў