Жыхар Уручча патрабуе ад «Audi» спыніць будову сэрвіс-цэнтру


«Мяркую, што ў Нямеччыне, у Берліне, Мюнхене ці любым іншым горадзе канцэрн кампаніі «Audi AG» не насмеліўся б ссекчы 150–200 амаль стогадовых дрэваў. То бок у сваёй краіне не ссек бы, а ў Менску – можна», – піша ў звароце абураны жыхар Менску. Гэты зварот ён адправіў у амбасаду Нямеччыны, прадстаўніцтва ЕЗ ды ў аўтаканцэрн.

Аўтацэнтр «Audi» мае паўстаць на месцы лесапаласы ў мікрараёне Уручча. Тэрыторыю ўжо рыхтуюць да будаўніцтва, урачыста заклаўшы памятную капсулу.

«Я як грамадзянін Беларусі нічога супраць пабудовы аўтацэнтраў кампаніі «Audi AG» на тэрыторыі Беларусі не маю. Але я супраць высякання 150–200 амаль стогадовых дрэваў», – піша ў звароце Вячаслаў Піліпук. На ягоную думку, без зялёнай паласы значна пагоршацца экалагічныя ўмовы ў ваколіцах.

Вячаслаў Піліпук просіць спыніць ссяканне дрэваў, адрадзіць пладародны слой зямлі ды пасадзіць на гэтым месцы новыя дрэвы. Паводле менчука, гэта «дазволіць вярнуць рэпутацыю» канцэрну. «Калі высяканне працягнецца, я прымаю рашэнне: прынцыпова ніколі не купляць аўты аўтаканцэрну «Audi AG» і дзяліцца гэтым рашэннем са сваймі нашчадкамі ды атачэннем», – гэтымі словамі жыхар Уручча завяршае свой зварот.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў