Паўстанне 1863 года ўратавала Злучаныя Штаты?


Які след пакінула паўстанне Каліноўскага ў памяці народаў, быў гэта канец Рэчы Паспалітай ці пачатак Беларусі? Адказы на гэтыя пытанні шукалі гісторыкі ды краязнаўцы з Беларусі і Польшчы, якія сабраліся ў Горадні.

25–26 траўня тут праходзіла навукова-папулярная канферэнцыя «Паўстанне 1863 года на Гарадзеншчыне: у навуковых даследаваннях і памяці народаў». Падчас яе адбыліся таксама дыскусія навукоўцаў «1863 год – канец Рэчы Паспалітай ці пачатак Беларусі?» і круглы стол краязнаўцаў Гарадзеншчыны «Памяць паўстання 1863 года на Гарадзеншчыне: як мы ўшаноўваем памяць герояў».

Удзельнікі канферэнцыі нават выказылі версію, што паўстанне 1863 года ўратавала Злучаныя Штаты Амерыкі.

Як вядома, з 1861 да 1865 года трывала вайна Поўначы з Поўднем. Брытанія ўжо рыхтавалася выправіць свой флот дзеля падтрымання Поўдню, як выбухнула паўстанне 1863 года на землях Рэчы Паспалітай. Падзеі ў гэтай частцы Еўропы не надта цікавілі брытанцаў, калі б не пазіцыя Напалеона ІІІ. Ён выступаў за тое, каб падтрымаць паўстанне на польскіх і беларускіх землях.

Складанасць французска-англійскіх дачыненняў даўно вядомая, таму магчыма Брытанія вырашыла не высылаць свайго флоту ў ЗША і паглядзець, як будуць развівацца падзеі. Калі паўстанне ўсё ж задушылі расейскія войскі, марское падтрыманне брытанцаў Поўдню ўжо не мела сэнсу: перамога Поўначы была вырашаная.

«Выснова вельмі смелая, але хто ведае, магчыма, гэта якраз той выпадак, калі беларусы, разам з палякамі, спрычыніліся да ўкладання сённяшняга міжнароднага ладу», – адзначаюць арганізатары канферэнцыі.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары