Як супрацьстаяць, калі вас вярбуе КДБ?


Студэнтка Віцебскага медуніверсітэту публічна адмовілася супрацоўнічаць з КДБ, нягледзячы на сур’ёзныя пагрозы. Ганна Папкова апублікавала відэазварот, у якім распавяла пра спробу вярбоўкі па месцы вучобы. Што яшчэ можна зрабіць, калі вас спрабуюць завербаваць?

Не толькі методыка, але і форма вербавання моладзі засталася такой жа, як у савецкія часы. Студэнта запрашаюць у аўдыторыю, дзе пакідаюць сам-насам з чалавекам у цывільным. Паразмаўляць. Калі студэнт на кантакт не ідзе, яму намякаюць на магчымыя непрыемнасці ў дэканаце, з дазволу якога і адбываецца вярбоўка.

Нагода да размовы з КДБістам можа быць любая. У выпадку Ганны Папковай зачэпкаю быў выбух на ганку Віцебскага абласнога КДБ. Чалавек у цывільным распытваў Ганну, ці не звязаныя яе знаёмыя палітычныя актывісты з падрыўнікамі.
{movie}Не завербавалі |right|10812{/movie}
ГАННА ПАПКОВА, СТУДЭНТКА:
“Ён спытаў, ці мог быць датычны Сяргей Семенчукоў да выбуху каля будынку КДБ, ці не праводзіў ён нейкай прапагандысцкай дзейнасці”.

Але потым пра бомбу забыліся.

ГАННА ПАПКОВА, СТУДЭНТКА:
“Мне было прапанавана паведамляць інфармацыю пра Сяргея, пра ягоныя перамяшчэнні”.

Падобная гісторыя адбылася днямі і ў Магілёве. Там КДБісты спрабавалі завербаваць прафсаюзную лідарку Галіну Лісіцыну, распытаць пра дзейнасць незалежнага прафсаюзу металістаў і паездкі актывістаў. Звычайна мэта вярбоўкі – завесці сваіх “стукачоў” ва ўсіх працоўных ці навучальных калектывах, каб ведаць, хто да чаго заклікае. Ды каб пазней пры патрэбе шантажаваць чалавека фактам супрацоўніцтва. Хаця па законе спецслужбы маюць права збіраць інфармацыю. Але толькі ў тых, хто сам не супраць.

ГАРЫ ПАГАНЯЙЛА, БЕЛАРУСКІ ХЕЛЬСІНКСКІ КАМІТЭТ:
“Ніякіх пагрозаў, ніякага шантажу, ніякага ціску на тых, каго спрабуюць прыцягнуць да супрацоўніцтва, не мусіць аказвацца”.

Аляксандр Атрошчанкаў, якога пасля прэзідэнцкіх выбараў КДБ схіляла да супрацоўніцтва ў следчым ізалятары, раіць ні за што не ісці насустрач камітэтчыкам.

АЛЯКСАНДР АТРОШЧАНКАЎ, «ЕЎРАПЕЙСКАЯ БЕЛАРУСЬ»:
“Калі чалавек своечасова аб гэтым не заяўляе, гэта абавязкова абарочваецца супраць яго”.

Як супраціўляцца? Метады ёсць. Калі чалавек не сведка па крымінальнай справе і размова адбываецца без павесткі ды пратаколу, яе можна перарваць у любы момант. І той, каго спрабавалі вербаваць, мусіць не тлумачыць прычыны адмовы, а супрацьстаяць пагрозам і ціску.

ГАРЫ ПАГАНЯЙЛА, БЕЛАРУСКІ ХЕЛЬСІНКСКІ КАМІТЭТ:
“Ён мае права адмовіцца, больш за тое, можа паведаміць аб гэтых настойлівых дзеяннях кіраўніцтву гэтай установы, каторае прадстаўляе асоба, альбо заявіць пра гэта публічна”.

Як зрабіла Ганна Папкова.

ГАННА ПАПКОВА, СТУДЭНТКА:
“Я не хачу мець аніякіх кантактаў з працаўнікамі КДБ, я хачу працягваць спакойна вучыцца ва ўніверсітэце”.

Перарваць супрацоўніцтва з КДБ можна на любым этапе, кажуць праваабаронцы.

ГАРЫ ПАГАНЯЙЛА, БЕЛАРУСКІ ХЕЛЬСІНКСКІ КАМІТЭТ:
“І баяцца гэтага не трэба. Сёння не той час, і не тыя ў нас спецслужбы, якія маглі б помсціць чалавеку нейкім чынам за адмову ў негалосным супрацоўніцтве”.

Калі вас завербавалі пад пагрозамі ці спрабуюць зрабіць гэта цяпер, дашліце нам відэазварот. Чым публічнейшаю будзе справа, тым бяспечней.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu
https://youtu.be/player_embedded&v

Глядзі таксама
Каментары