«Не злая воля працаўнікоў». Польскія ўлады растлумачылі затрымкі з выдачаю ВНЖ беларусам


Ніжнесілезскае ваяводства ў Вроцлаве растлумачыла «Белсату» затрымкі ў выдачы ВНЖ замежнікам, у тым ліку беларусам: вялікая колькасць заяваў і нястача персаналу. Менавіта праз гэтыя затрымкі шмат якім беларусам, якія працуюць у Польшчы на падставе візаў «Poland.Business Harbour», пагражае закрыццё ІП, пра што раней распавядаў «Белсат».

Пашпарт грамадзяніна Беларусі, карта доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ і карта жыхара Варшавы.
Фота: Белсат

Паводле агульнага правіла, заяву на часовае пражыванне мусяць разглядаць максімум 60 дзён, а на сталае – 180. Пры гэтым беларускія грамадзяне скардзяцца, што чакаць ВНЖ даводзіцца і год.

Легалізацыяй замежнікаў у Польшчы займаюцца адмысловыя дэпартаменты ваяводстваў – гэта прыкладна як аблвыканкамы ў Беларусі. І Ніжнесілезскае ваяводства з цэнтрам у Вроцлаве называюць адным з самых марудных у краіне. На працу гэтага ўпраўлення «Белсату» раней паскардзілася беларуска, якая ўжо больш за год чакае карты побыту.

У ваяводстве затрымкі растлумачылі нястачай персаналу і вялікай колькасцю хадайніцтваў ад іншаземцаў.

«Гэта не вынік злой волі працаўнікоў, гэта абумоўлена вялікай колькасцю заяваў, неабходнасцю адначасовага вядзення мноства розных справаў, а таксама адтокам асноўных працаўнікоў, якія вядуць справаводства, і адсутнасцю магчымасці хутка адолець кадравы дэфіцыт», – заявілі «Белсату» ў Ніжнесілезскім ваяводстве.

Там паведамілі, што летась ваяводзе накіравалі больш за 42 тысячы заяваў на легалізацыю, а сёлета – ужо амаль 63 тысячы:

«Пры такой велізарнай колькасці заяваў, відавочна, магчымыя затрымкі ў разглядзе справаў, нягледзячы на тое, што ведамства прымае розныя захады дзеля мінімізацыі затрымак і прыкладае ўсе намаганні для аптымізацыі працэсаў».

Разбор
Польшча спрасціла выдачу беларусам падарожнага дакументу. Што гэта такое і каму ён патрэбны
2023.07.06 19:32

У ваяводстве запэўнілі, што яшчэ пазалетась змянілі структуру дэпартаменту ў справах замежнікаў, стварылі новае аддзяленне, якое займаецца арганізацыйна-тэхнічным забеспячэннем, ухвалілі сістэму ўзнагародаў, дзякуючы якой рэзка вырасла колькасць разгледжаных справаў.

«Калі ў 2020 годзе было вынесена 14 тысячаў рашэнняў, то ў 2021-м – амаль 30 тысячаў, а летась – больш за 60 тысячаў», – адзначылі ў Ніжнесілезскім ваяводстве.

Там таксама запэўнілі, што працягваюць аптымізацыю сваёй працы.

Цяпер легалізацыі ў Ніжняй Сілезіі чакаюць амаль 3 тысячы беларусаў, паведамілі «Белсату» ў ваяводстве. Бальшыня з іх хадайнічае аб дазволе на часовае пражыванне.

Тыя, хто сёлета атрымалі карты побыту, чакалі ў сярэднім 382 дні. Летась было больш: 584 дні. Максімальны тэрмін разгляду заяваў на часовае пражыванне ўражвае: сёлета і летась былі выпадкі, калі людзі чакалі больш за 2100 дзён.

Гэты тэрмін надзвычай важны для ўладальнікаў візы «Poland.Business Harbour», якія на яе падставе адкрылі ў Польшчы ІП. 1 жніўня гэтыя візы (як і шмат якія іншыя дакументы) дзеяць перастануць, і да атрымання рашэння аб выдачы ВНЖ будзе немагчыма працаваць у якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Пры гэтым жыць у Польшчы ад моманту падачы заявы на карту побыту дазволена.

Раней адмысловым законам часова скасавалі адказнасць чыноўнікаў за парушэнне тэрмінаў разгляду хадайніцтваў на легалізацыю. Такая норма пакуль дзее да 4 сакавіка 2024 года.

Разбор
«Такіх сотні, калі не тысячы». У Польшчы іпэшнікам-беларусам пагражае масавае закрыццё
2023.07.06 17:04

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў