Консульства Польшчы ў Смаленску будзе ліквідавана па патрабаванню Расеі


Консульства Польшчы ў Смаленску будзе ліквідавана да канца жніўня. 14 ліпеня польскі амбасадар у Маскве атрымаў адпаведную дыпламатычную ноту Расейскай Федэрацыі. Аб гэтым паведамляе МЗС Польшчы. 

Консульства Польшчы ў Смаленску. Фото: smolensk.ldpr.ru

14 ліпеня амбасадар Польшчы ў Маскве атрымаў дыпламатычную ноту Расейскай Федэрацыі аб адкліканні выдадзенай 27 чэрвеня 2011 г. згоды на функцыянаванне Польскага консульскага агенцтва ў Смаленску. Польскае міністэрства замежных спраў паведамляе, што прадстаўніцтва будзе ліквідавана 31 жніўня 2023 года, а яго бягучыя задачы будзе выконваць непасрэдна Пасольства Рэспублікі Польшча ў Маскве.

«Рашэнне ўладаў Расейскай Федэрацыі зʼяўляецца ў вышэйшай ступені сімвалічным жэстам, але таксама і яшчэ адным недружалюбным і незразумелым актам, скіраваным на перашкоду функцыянаванню польскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў і польскіх консульскіх устаноў. Рэспубліка Польшча пакідае за сабой права прыняць адпаведныя меры ў адказ», – гаворыцца ў заяве.

Пры гэтым у МЗС падкрэсліваюць, што консульскія службы Польшчы «зробяць усё для таго, каб польскія грамадзяне, якія жадаюць ушанаваць памяць забітых і маюць патрэбу ў тэрміновай консульскай дапамозе, працягвалі атрымліваць усю неабходную падтрымку».

Паводле польскага дыпламатычнага ведамства, у задачы консульскага агенцтва ў Смаленску ўваходзіла назіранне за месцам авіякатастрофы ў Смаленску і Польскімі вайсковым могілкам у Катыні. Консульства таксама аказвала падтрымку польскім пілігрымам, якія рэгулярна наведвалі пахаванні і памятныя мясціны, важныя для польскага боку. Таксама дзякуючы функцыянаванню польскага аддзялення нашчадкі забітых НКУС грамадзян Савецкага Саюзу, пахаваных побач з палякамі, маглі даведацца праўду пра савецкія злачынствы і лепш зразумець гісторыю ўласнай краіны.

«Смаленск і Катынь, як месцы забойства НКУС амаль 22 тысячы польскіх грамадзян у 1940 годзе і Смаленскай катастрофы ў 2010 годзе, маюць асаблівае, сімвалічнае значэнне для ўсіх палякаў. Рашэнне расейскіх уладаў зʼяўляецца праявай усё больш смелых спроб фальсіфікацыі гісторыі і адмаўлення адказнасці за злачынствы, учыненыя расейскай дзяржавай і вядомымі пайменна канкрэтнымі грамадзянамі гэтай дзяржавы», – адзначае польскае МЗС.

У міністэрстве таксама падкрэсліваюць, што «злачынствы, якія здзяйсняюцца ва Украіне, зʼяўляюцца працягам гэтай варварскай практыкі».

«Мы верым, што прыйдзе час, калі Расейская Федэрацыя і яе ўлады нарэшце з павагай паставяцца да гістарычнай праўды і звядуць рахункі з уласным мінулым – толькі так яны перастануць уяўляць пагрозу міру», – падсумаваў МЗС Польшчы.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў