Урад Беларусі яшчэ раз правядзе маніторынг усёй сістэмы адукацыі


Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка заявіў 14 чэрвеня на супольным паседжанні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, што ўрад пастанавіў правесці яшчэ адзін маніторынг сістэмы адукацыі. Гэта патрэбна, каб унікнуць сітуацыяў, што могуць выклікаць «сацыяльную хвалю», як гэта здарылася пасля падліку вынікаў цэнтралізаванага экзамену.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

«Як паказала сітуацыя, што ўзнікла з падлікам балаў паводле вынікаў цэнтралізаванага экзамену, самыя малыя непаразуменні, дробныя пралікі могуць справакаваць сацыяльную хвалю. Але ж падлічана ўсё было правільна. […] Адзінае, што не было зроблена своечасова, – не растлумачылі, як будуць падлічвацца балы», – зазначыў Ігар Петрышэнка.

З улікам гэтай сітуацыі ўрад пастанавіў правесці маніторынг усёй сістэмы адукацыі, каб знайсці магчымыя сістэмныя і асобныя недахопы. На прапанову Міністэрства адукацыі будзе зацверджаны комплексны план маніторынгу. У склад групы, што будзе яго праводзіць, увойдуць педагогі, а таксама спецыялісты, якія займаюцца метадычным забеспячэннем адукацыі, і прадстаўнікі бацькоўскіх ды грамадскіх аб’яднанняў.

Агляд
Скандал з ЦЭ вычарпаны? Як палічылі другі цэнтралізаваны экзамен і пералічылі першы
2023.06.06 09:00

Вынікі маніторынгу будуць падведзеныя ў жніўні на калегіі Міністэрства адукацыі.

Петрышэнка таксама паведаміў, што ўрад ужо залагодзіў ці залагоджвае шэраг актуальных пытанняў у галіне адукацыі, такіх, як харчаванне працаўнікоў установаў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі.

«Цяпер яны могуць атрымліваць аднаразовае гарачае харчаванне за плату на месцы працы. Пры гэтым кошт яго такі ж, як і абеду ў старэйшай групе ў дзіцячым садку ці ў вучняў старэйшых класаў у школе. Сёння гэта каля 3-4 рублёў. Пагадзіцеся, што ў аб’ектах грамадскага харчавання за такую цану абедаў няма», – зазначыў Петрышэнка.

Віцэ-прэм’ер паабяцаў, што сёлета ўрад канчаткова вызначыцца наконт формы выпускных экзаменаў у школах і ўступных у ВНУ.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў