У Беларусі рэкордна выраслі запасы нерэалізаванай прадукцыі і не хапае складоў


На рынку камерцыйнай нерухомасці Беларусі – вялізны попыт на склады, але іх не стае. Пра гэта паведамляе бізнес-выданне «Office Life».

Грузавікі з таварамі ля складоў. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Beloe.taxi / yandex.ru/maps

У Беларусі рынак складской нерухомасці ў I квартале 2023 года захаваў попыт, вакантнасць і стаўкі арэнды, характэрныя для ўсяго папярэдняга года, назіраецца дэфіцыт складоў. Сярод прычын – рост на складах запасаў нерэалізаванай прадукцыі прадпрыемстваў, абмежаванне грузавых перавозаў і высокі попыт на склады з боку расейскіх гандлёвых інтэрнэт-гігантаў кшталту «Wildberries». Аб гэтым расказаў выканаўчы дырэктар «NAI Belarus» Андрэй Алёшкін.

Паводле Алёшкіна, да рэкордных паказнікаў павялічыліся запасы гатовай прадукцыі. На дзень 1 сакавіка да сярэднямесячнага абʼёму вытворчасці ў Беларусі яны склалі 78,2 % (у Менску – 102,1 %), што «зʼяўляецца максімумам за апошнія 10 гадоў». Кошт запасаў гатовай прадукцыі перавысіў Br 9 млрд. Апошні раз такі ўзровень запасаў тавараў на складах быў у сакавіку 2013 года.

Што датычыць грузаабароту транспарту, то гэты паказнік склаў толькі 66,4 % да ўзроўню адпаведнага перыяду мінулага года. Эксперт звяртае ўвагу на тое, што для беларускіх міжнародных аўтамабільных перавозцаў ускладніліся ўмовы працы, бо Польшча закрыла некаторыя пункты пропуску. Пасля моцнага землятрусу стала складаней пракладваць маршруты праз Турцыю, застаецца цалкам закрытым паўднёвы (украінскі) кірунак.

У такіх умовах трывае высокі попыт на склады з боку сектару e-commerce. Гэты сектар застаецца прыярытэтным спажыўцом складскіх плошчаў. З пачатку 2023 года буйныя ўдзельнікі рынку e-commerce дэманструюць жаданне пашыраць складскія плошчы. Вядучыя расейскія маркетплэйсы «OZON» і «Wildberries» у I квартале актыўна падбіралі пляцоўкі пад размяшчэнне сваіх сартавальных і размеркавальных цэнтраў. Захоўваецца попыт і з боку прадстаўнікоў іншых сфераў бізнесу, да складоў зноў ёсць цікавасць кампаніяў-дыстрыбутараў.

«Папрацаваўшы ва ўмовах санкцыяў/контрсанкцыяў, кампаніі аднавілі ці нават нарасцілі абʼёмы грузаў, паколькі наладзілі пастаўкі альтэрнатыўных тавараў або асвоілі паралельны імпарт, а гэта зноў запатрабавала пашырэння складоў», – паведаміў выданню Андрэй Алёшкін.

Пры гэтым на рынку складоў новых буйных абʼектаў не ўводзілася. Вакантныя прапановы зʼяўляліся толькі фармальна, калі трэба саступіць памяшканні новым арандатарам.

На бліжэйшыя месяцы прагноз эксперта не суцяшальны: попыт будзе заставацца незадаволеным, з прычыны пагаршэння эканамічных паказнікаў некаторых галінаў-драйвераў будуць павялічвацца запасы гатовай прадукцыі на складах, новыя склады будуюцца, але будуць уведзеныя ў эксплуатацыю не хутка.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў