«Не прыслухаўся да Ціханоўскай». Міністр замежных справаў Літвы раскрытыкаваў прэзідэнта за вета


Прэзідэнт Літвы вызначыў, што нельга прымаць закон, у якім для беларусаў мякчэйшыя абмежаванні, чым для расейцаў. Сейм яшчэ можа скасаваць ягонае вета. Святлана Ціханоўская выступае за тое, каб між беларусамі і расейцамі не ставілі знак роўнасці – і яе ў гэтым падтрымлівае міністр замежных справаў Літвы.

Габрыелюс Ландсбергіс. 
Фота: lrt.lt

Літоўскія дэпутаты 4 красавіка прынялі законапраект, што замацоўваў фактычна дзейныя абмежаванні для беларусаў у справе візаў і легалізацыі ў Літве, але ўводзіў новыя абмежаванні для расейцаў. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа 14 красавіка наклаў вета на законапраект, бо той уводзіў розныя абмежаванні для беларусаў і расейцаў, а на думку прэзідэнта, «няма падставаў для рознай ацэнкі грамадзянаў Беларусі і Расеі».

Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская пасля навінаў пра вета Наўседы заявіла:

«Я перакананая, што нельга ставіць у адзін шэраг беларусаў і памагатых рэжыму, і нельга караць беларусаў за дзеянні рэжыму».

Яна нагадала пра тое, як беларусы падтрымліваюць Украіну ў тым ліку на полі бою і партызанскімі акцыямі ў Беларусі, змагаюцца з дыктатурай, нягледзячы на рэпрэсіі і тэрор. Таксама яна нагадала, што ейная каманда ад пачатку працавала над тым, каб абмежаванні для беларусаў у Літве былі менш жорсткія – і што Сейм прыслухаўся да ейных прапановаў. Ціханоўская расказала, што накіроўвала ліст Наўседу з тлумачэннем, што абмежаванні не павінны закранаць беларусаў. І выказала надзею на «ўзважанае рашэнне літоўскага кіраўніцтва і літоўскага парламента, каб працягваць умацоўваць сувязі паміж нашымі народамі, а не будаваць паміж імі муры».

Каментар
Офіс Ціханоўскай пачаў працу з дэпутатамі Літвы, каб беларусаў і расейцаў падзялялі ў абмежаваннях
2023.04.14 20:25

Міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс так пракаментаваў рашэнне Наўседы літоўскаму агенцтву «Etaplius»:

«Вельмі шкада, што прэзідэнт не прыслухаўся як да закліку дэмакратычнай лідаркі Беларусі Святланы Ціханоўскай, так і да належна ўзважанай пазіцыі Сейму Літвы. Хачу верыць, што Сейм застанецца пры сваёй пазіцыі».

Пасля вета прэзідэнта Сейм мусіць пераглядзець законапраект – можа як унесці змены, так і пераадолець вета прэзідэнта, калі за гэта прагаласуюць 71 або больш дэпутатаў са 141.

Каментар
Што будзе далей у Літве з законапраектам аб абмежаваннях для беларусаў? Літоўскі эксперт тлумачыць
2023.04.14 19:53

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў