Так званую «пінскую справу» ў судзе Маскоўскага раёну Берасця разглядаюць з 23 сакавіка. 14 палітвязняў вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК) у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску, паведамляе «Вясна».
109 супрацоўнікаў міліцыі і чыноўнікаў хочуць атрымаць каля 530 тысячаў рублёў кампенсацыі за свае маральныя пакуты, бо яны «перажылі страх, прыніжэнне, боль і сорам, праз перажытыя падзеі страцілі сон, спакой і апетыт, адчувалі і адчуваюць трывогу».
«Пінскую справу» разглядае сумнавядомы суддзя Яўген Брэган. 14 красавіка пракуроры Дайнэка і Ляшок запыталі ў суда пакаранне для абвінавачаных: ад 5,5 да 6,5 гадоў калоніі:
Усе, акрамя палітзняволеных Данііла Богната, Ігара Салаўя, Станіслава Міхайлава прызналі віну часткова. Данііл, Ігар, Станіслаў віну не прызналі цалкам. Некаторыя тлумачылі, што не збіраліся наносіць траўмы супрацоўнікам міліцыі, а білі толькі па шчытах, іншыя не згаджаліся з колькасцю нанесеных удараў. Таксама яны не прызнаюць, што мелі папярэдні намер і ўступілі ў змову.
Усе, акрамя Сяргея Маўшука, застаюцца ў берасцейскім СІЗА-7. Сяргею абраная мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту, а ягоная жонка ўжо больш як восем месяцаў утрымліваецца пад вартаю.
Супрацоўнікі Пінскага дэпартаменту аховы адмовіліся ад матэрыяльнай кампенсацыі ад 14 фігурантаў «пінскай справы». У адрозненне ад супрацоўнікаў Пінскага РАУС і ГАУС, прэтэнзіяў матэрыяльнага характару да абвінавачаных яны не маюць. Таксама не заявілі патрабаванняў аб кампенсацыі шкоды супрацоўнікі Іванаўскага РАУС, якія прыбылі ноччу з 9 на 10 жніўня ў Пінск на падмацаванне. Аднак іншыя міліцыянты і чыноўнікі патрабуюць ад палітзняволеных у межах гэтай справы агулам каля 530 тысяч рублёў кампенсацыі.
У адказ на канвеерны допыт пацярпелых-міліцыянтаў і іхныя паказанні жыхары Пінску і Пінскага раёну стварылі петыцыю, у якой просяць Упраўленне ўнутраных справаў Берсцейскага аблвыканкаму правесці пазачарговую атэстацыю ўсіх пацярпелых супрацоўнікаў пінскіх ГАУС і РАУС, якія былі задзеяныя ў працы на вулічных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацый выбараў у Пінску 9 і 10 жніўня 2020 года і вызначыць ступень адпаведнасці названых супрацоўнікаў займаным пасадам.
На гэты момант петыцыю падпісалі больш як 3200 чалавек. Гэтая лічба расце.
МГМ belsat.eu