«Reuters»: Пракуратура Украіны абвінаваціла расейскіх вайскоўцаў у сексуалізаваным гвалце над чатырохгадовай дзяўчынкай і ў групавым згвалтаванні ейнай маці


Генпракуратура Украіны абвінаваціла двух расейскіх салдатаў у сексуалізаваным гвалце над чатырохгадовай дзяўчынкай і ў групавым згвалтаванні ейнай маці пад руляй пісталета на вачах у бацькі сям’і. Пра гэта паведамляе «Вот так» са спасылкай на «Reuters».

Скан дакументe з асабовым складам 12 расейскіх вайскоўцаў, якія падазраюцца ў серыі сексуальных злачынстваў у Браварскім раёне Кіеўскай вобласці Украіны ў сакавіку 2022 года.
Фота: Офіс генеральнага пракурора Украіны / Reuters / Forum

Згвалтаванне жанчыны і дзіцяці

Як сцвярджае пракуратура, расейскія салдаты ўвайшлі ў горад Бравары Кіеўскай вобласці праз некалькі дзён пасля няўдалай спробы захапіць Кіеў. Каб запалохаць насельніцтва, вайскоўцы рабавалі дамы і гвалтавалі жыхароў, гаворыцца ў дакументах следства.

Паводле версіі пракуратуры, 13 сакавіка 2022 года расейскія салдаты «ў стане алкагольнага ап’янення ўварваліся ў двор дому ў Браварах, дзе жыла маладая сям’я». Вайскоўцы збілі бацьку дзіцяці жалезным рондалем і прымусілі на каленях глядзець, як некалькі чалавек пад руляй пісталета гвалтавалі ягоную жонку.

Пасля гэтага, піша агенцтва, яны згвалтавалі чатырохгадовую дзяўчынку. Як гаворыцца ў дакументах следства, адзін з расейскіх жаўнераў сказаў дзіцяці, што «зробіць з яе жанчыну».

«Reuters» паведамляе, што, паводле дакументаў следства, абодва абвінавачаныя былі снайперамі. Адзін з іх загінуў – паводле звестак пракуратуры, яму было 32 гады. Другі, якому было 28 гадоў, вярнуўся ў Расею. Агенцтва даведалася ягонае імя – Яўгеній Чарнакніжны. Журналісты знайшлі ягоны нумар, на званок адказаў чалавек, які назваўся ягоным братам. «Ён памёр. Вы ніяк не можаце яго дастаць», — адказаў мужчына і заплакаў, піша «Reuters». Агенцтва адзначае, што пацвердзіць ягоныя словы не ўдалося.

Іншыя згвалтаванні

Следства высветліла, што пасля нападу на сям’ю гэтыя ж два вайскоўцы збілі пажылую пару ў суседнім доме. Таксама іх абвінавачваюць у згвалтаванні 41-гадовай цяжарнай жанчыны і 17-гадовай дзяўчыны. У іншым доме, дзе жыло шмат сем’яў, вайcкоўцы загналі ўсіх на кухню і згвалтавалі 15-гадовую дзяўчынку і ейную маці.

Паводле пракурораў, усе пацярпелыя выжылі, ім была аказаная псіхалагічная і медычная дапамога.

Усяго ўкраінскія следчыя абвінавацілі ў сексуалізаваным гвалце 12 вайскоўцаў 15-й асобнай мотастралковай брыгады, якія ўчынілі серыю злачынстваў у чатырох дамах у Браварах падчас акупацыі ў сакавіку 2022 года.

Мінабароны Расеі не адказала на зварот агенцтва па каментар. На тэлефонныя нумары брыгады, дзе служылі вайскоўцы, журналісты не датэлефанаваліся. Два працаўнікі Самарскага гарнізону, у склад якога ўваходзіць брыгада, заявілі, што не могуць даць кантактаў падраздзялення, а адзін дадаў, што яны засакрэчаныя.

171 справа аб згвалтаваннях

Генпракуратура Украіны расследуе 171 выпадак сексуалізаванага гвалту, здзейсненага пасля пачатку поўнамаштабнай вайны расейскімі вайскоўцамі ў дачыненні жыхароў Украіны, паведаміла 5 сакавіка жонка прэзідэнта Украіны Алена Зяленская на канферэнцыі «United for Justice», што праходзіла ў Львове. Сярод пацярпелых – 39 мужчынаў і 13 непаўналетніх, сярод іх адзін хлопчык. Зяленская адзначыла, што расследуюцца толькі тыя выпадкі, пра якія стала вядома ад саміх ахвяраў гвалту. Рэальны лік выпадкаў сексуалізаванага гвалту на акупаваных тэрыторыях невядомы.

«Многія з тых, хто пацярпеў ад такіх злачынстваў, як згвалтаванне, кажуць, што іхнае жыццё было толькі «да». Пасля – гэта існаванне. Калі страшна ўспамінаць тое, што з табой адбылося, калі цяжка размаўляць з праваахоўнікамі, немагчыма з сям’ёй, невыносная ўвага з боку СМІ», — сказала Зяленская.

Пра тых, хто перажыў гвалт, на канферэнцыі гаварыла таксама прэзідэнтка Латвіі Андра Лэвітэ: «Бачныя наступствы сексуальных злачынстваў і згвалтаванняў уключаюць розныя траўмы. Нябачныя ж уключаюць сорам, злосць, агіду, страх і прыніжэнне. І гэта пачатковыя эмацыйныя этапы. За імі могуць ісці больш цяжкія і працяглыя ментальныя разлады, такія як дэпрэсія, трывожнасць, паніка або суіцыдальныя схільнасці, агрэсія, парушэнні сну і харчавання, непрадказальныя флэшбэкі».

У канцы лютага генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш заявіў, што арганізацыя зафіксавала дзясяткі выпадкаў сексуалізаванага гвалту ў дачыненні мужчынаў, жанчын і дзяўчатак з боку расейскіх вайскоўцаў.

Газета «The New York Times» са спасылкаю на прадстаўніцу ўкраінскай пракуратуры Ірыну Дзідэнку пісала, што расейскае камандаванне ведала пра згвалтаванні ці нават заахвочвала да іх. З ейных словаў, вайскоўцаў падштурхоўвалі да гвалту: напрыклад, давалі каманду «трохі расслабіцца».

Яўгенія Няжданава / АА

Стужка навінаў