Краіны Балтыі выказалі пратэст Расеі пасля абвяшчэння ў вышук іх палітыкаў і дэпутатаў


Міністэрствы замежных справаў Латвіі, Літвы і Эстоніі выклікалі прадстаўнікоў расейскіх амбасадаў і ўручылі ім ноты пратэсту пасля абвяшчэння Расеяй у вышук палітыкаў і дэпутатаў краінаў Балтыі.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Adobe Stock

13 лютага выданне «Медыязона» паведаміла, што ў базе расейскага МУС ёсць карткі вышуку на прэм’ер-міністра Эстоніі Каю Калас, міністра культуры Літвы Сіманаса Кайрыса, а таксама на сотню іншых чыноўнікаў і палітыкаў з Усходняй Еўропы. Сярод іх дзве траціны мінулага склікання Сейму Латвіі, дэпутаты гарадскіх саветаў Рыгі, Клайпеды і Вільні, Луцку і Роўна, а таксама мэр польскага гораду Вальбжых і намеснік міністра дзяржаўных актываў Польшчы.

Супраць  гэтых людзей у Расеі заведзеныя крымінальныя справы пасля зносу савецкіх манументаў.

Hавiны
«Медиазона» спампавала базу вышуку МУС Расеі. У пераліку – амаль 3 тысячы беларусаў
2024.02.13 16:12

Латвійскае МЗС папрасіла часовага паверанага ў справах Расеі Алега Зыкава даць тлумачэнні наконт «палітычна матываваных абвінавачанняў», якія расейскія ўлады выставілі «былым і цяперашнім латвійскім палітыкам».

У МЗС Літвы прадстаўніку Расеі Аляксандру Елкіну ўручылі «ноту строгага пратэсту» праз абвяшчэнне ў вышук літоўскіх палітыкаў.

«Рашэнні Расейскай Федэрацыі супярэчаць агульнапрызнаным нормам міжнароднага права, дэманструюць высілкі для фальсіфікацыі мінулага і непавагу да гістарычнай памяці Літвы. МЗС Літвы запатрабавала неадкладнага спынення палітычна матываванага пераследу літоўскіх грамадзянаў», – паведамляецца ў прэс-рэлзіе літоўскага МЗС.

У эстонскім МЗС часоваму паверанаму ў справах Расеі Ленару Самігуліну «выказалі абурэнне» праз абвяшчэнне ў вышук прэм’ер-міністра краіны Каі Калас і дзяржсакратара Эстоніі Таймара Пэтэркопа. У ведамстве зазначылі, што «гэтыя крокі Расеі не перашкодзяць Эстоніі рашуча падтрымліваць Украіну».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў