«Здзіўленыя, што выжылі». Як беларускі Форэст Гамп дапамагае пацярпелым ад землятрусу ў Турцыі


Беларускі Форэст Гамп Яўген Гуцалаў, які прабег у 2019 годзе за 10 дзён усю Беларусь з поўначы на поўдзень, прайшоў больш за 800 км па Суфійскім шляху, а цяпер водзіць экскурсіі па гарах Турцыі, уключыўся ў дапамогу пацярпелым ад землятрусу. Ягоныя падпісчыкі ў «Інстаграме» за пяць дзён сабралі больш за 6 тыс еўраў ахвяраванняў, на якія Яўген купіў абагравальнікі ды іншыя патрэбныя рэчы для ўцекачоў. Пераважная большасць ахвярадаўцаў – беларусы. Яўген Гуцалаў расказаў «Белсату» пра сітуацыю ў Турцыі.

Яўген Гуцалаў у Турцыі.
Фота: Jaŭhen Hucalaŭ / Facebook

Беларус Яўген Гуцалаў жыве зараз у гарадку Махмутлар на ўзбярэжжы Міжземнага мора ў правінцыі Анталія. Гэта 15 км ад Аланіі і каля 450 км (калі напрасткі) ад правінцыі Кахраманмараш, якая стала эпіцэнтрам землятрусу 6 лютага 2023 года. Але трэсла і ў Махмутлары, кажа Яўген.

«Жырандоля хадуном хадзіла»

«Я спаў сабе спакойна ўдома, як і большая частка жыхароў Турэччыны. Прачнуўся ад грукату – у суседзяў зверху штосьці звалілася. Прачнуўся і зразумеў: трасе. Канечне, нас трэсла куды менш, чым Газіантэп ці Хатай. Здаецца, балаў 5,8-6,0 было. Але і такога я раней не перажываў. У мяне нічога не разбурылася. Толькі жырандоля хадуном хадзіла. А так усё добра. І ў мяне, і ў суседзяў. Адно што перапужаліся ўсе, павыскоквалі на вуліцу», – расказвае пра дзень землятрусу Яўген Гуцалаў.

Калі да людзей стала даходзіць інфармацыя з гарадоў, бліжэйшых да эпіцэнтру землятрусу, туркі адразу ж мабілізаваліся дзеля дапамогі.

«У мяне ўражанне, што яны адчулі гэтую трагедыю як сямейную. Туркі ўвогуле сябе ўспрымаюць адной вялікай сям’ёй. І ў першыя гадзіны побач з кожным муніцыпалітэтам зʼявіліся намёты, каб збіраць і адпраўляць гуманітарную дапамогу. Я такой колькасці людзей тут яшчэ не бачыў.

Везлі ўсё. Везлі, мне здаецца, апошняе: абагравальнікі, коўдры, цёплыя рэчы. Вельмі шмат усяго», – распавядае наш суразмоўца з Турцыі.

Яўген таксама далучыўся. Купіў некалькі пледаў, два абагравальнікі. Важна было абагрэць тых, хто выжыў, бо тэмпература паветра ў пацярпелых раёнах, прыкладам у Хатаі, падала ўначы аж да мінус 18 градусаў.

«Там зараз вельмі патрэбныя генератары, абагравальнікі, дровы, вялікія намёты – гэтага ўсяго бракуе», – гаворыць Яўген.

Беларус рваўся на разбор завалаў, але аказалася, што туды бяруць толькі прафесійных ратавальнікаў, лекараў ды перакладчыкаў. Каб паехаць бліжэй да месца здарэння ў якасці валанцёра, трэба было зарэгістравацца ў мясцовым муніцыпалітэце, але ў Яўгена скончыўся тэрмін віду на жыхарства (ужо падаў дакументы ў міграцыйную службу і чакае сустрэчы) – яго б не ўзялі. Таму рабіў што мог на месцы: пагрузка, разгрузка, збор рэчаў і ежы, развоз.

Усе гатэлі працуюць на патрэбы ўцекачоў

«Першыя чатыры дні збіралі рэчы, набывалі ежу, адпраўлялі ў пацярпелыя рэгіёны. А потым, калі пачалі прывозіць людзей адтуль, мы пачалі адносіць рэчы ў гатэлі. Таму што людзі ў чым павыскоквалі са сваіх кватэраў дамоў – у тым іх і прывезлі сюды. Усё было патрэбна: шкарпэткі, бялізна, цёплая вопратка», – гаворыць Яўген Гуцалаў.

Збор рэчаў для пацярпелых у Махмутлары. Фота перадаў рэдакцыі Яўген Гуцалаў

Кажа, што ўсе турэцкія гатэлі зараз аддадзеныя на патрэбы ўцекачоў. У тым ліку пяцізоркавыя, напрыклад гатэль «Utopia World», знаёмы многім беларусам, хто адпачываў у Махмутлары. Па словах Яўгена, паадкрываліся нават закрытыя да гэтага гатэлі – каб прытуліць пацярпелых ад стыхіі.

«Людзі, якіх прывозяць сюды з пацярпелых раёнаў, вельмі перапалоханыя. І, мне здаецца, здзіўленыя тым, што адбываецца з іхнымі жыццямі. Здзіўленыя, што выжылі. Таму што разбурэнні там проста велізарныя. Ёсць раёны ў Хатаі, дзе цэлымі кварталамі дамы склаліся», – расказвае Яўген Гуцалаў.

«Той самы барадач» сабраў 6 тысяч еўраў

Яшчэ ў дзень землятрусу Яўген Гуцалаў звярнуўся да падпісчыкаў на сваёй старонцы «Той самы барадач» ў «Instagram» з заклікам паўдзельнічаць у зборы на дапамогу пацярпелым ад землятрусу. Як кажа, за пяць першых дзён на прапанаваны рахунак было пералічана больш за 6 тыс еўраў. Большасць ахвярадаўцаў – беларусы (на «Таго самага барадача» падпісаныя каля 6 тыс. чалавек). Грошы прыходзілі з Польшчы, Украіны, Чэхіі, Швецыі, Канады, Беларусі. Было вялікае ахвяраванне і з самой Турцыі.

На сабраныя сродкі Яўген Гуцалаў купіў 30 абагравальнікаў ды іншыя неабходныя рэчы.

«Калі набываў гэтыя абагравальнікі ў мяне першай справай запыталі: «На дапамогу?» Так, кажу. І яны мне сходу зрабілі зніжку 20%. Такая вось салідарнасць назіраецца. І гэта паўсюль. Вада бутэляваная патаннела ў супермаркетах, крупы. Зніжкі абвясцілі на прадукты першай неабходнасці», – расказвае Гуцалаў.

Кажа, што спачатку былі такія, хто хацеў скарыстацца сітуацыяй і нагрэць рукі на трагедыі. Але ў Турцыі на такіх ужо завялі каля 300 крымінальных справаў, спасылаецца на інфармацыю ў турэцкіх СМІ Яўген Гуцалаў.

«Яны апынуліся ў велізарнай бядзе»

«Той самы барадач» Яўген Гуцалаў не выключае, што, калі троху ўсё ўтрасецца і ён разбярэцца з дакументамі, паедзе на месца разбурэнняў, каб дапамагаць там.

«Бо трэба быць патрэбным. І трэба дапамагаць людзям. Таму што яны зараз апынуліся ў велізарнай бядзе. А там, каб усё расчысціць, спатрэбіцца не адзін месяц, мяркую», – гаворыць беларус.

Яўген Гуцалаў называе сябе «турэцкім беларусам», бо праз ягоную бараду мясцовыя прымаюць яго за свайго. Займаецца ў Турцыі арганізацыяй горных трэкінгаў – вандровак па гарах. Ездзіў у Турцыю, каб ладзіць трэкінгі, яшчэ з 2015 года. Улетку 2020-га вярнуўся ў родны Віцебск, дзе браў удзел у мірных маршах падчас паслявыбарчых пратэстаў. У верасні 2020 года за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве» яго аштрафавалі. Пазней на Гуцалава завялі крымінальную справу за здзек над нацыянальнымі сімваламі (за відэа ў прыбіральні з газетай «Советская Белоруссия» і афіцыйным гімнам у агучцы) – паводле арт. 370 КК. Яўген зʼехаў з Беларусі ўвосень 2021 года.

Землятрус на мяжы Турцыі і Сірыі ўвайшоў у топ-5 самых смяротных у XXI стагоддзі. Паводле ААН, ягонымі ахвярамі сталі (на 15 лютага) ўжо больш за 40 тысяч чалавек, іх колькасць можа перавысіць 50 тысяч. Па колькасці ахвяраў гэтую катастрофу «апярэджваюць» толькі землятрусы 2005 года ў Пакістане, 2008-га ў Кітаі, 2010-га ў Гаіці і 2004-га ў Індыйскім акіяне, у якіх загінулі адпаведна ад 87 тысячаў да 228 тысяч асобаў. Землятрус магнітудаю 7,8 здарыўся ўночы 6 лютага. За ім адбылося больш як 2100 афтэршокаў.

Агляд
Землятрус у Турцыі і Сірыі ўвайшоў у топ-5 самых смяротных у XXI стагоддзі
2023.02.13 17:10

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў