Карнавал у Венецыі, вучэнні на мяжы і 6-метровы стол. Найлепшыя фота мінулага тыдня


Пакуль беларусаў не пускаюць ва Украіну, беларуская дыяспара ў Кіеве бярэ ўдзел у Маршы адзінства, а тым часам у Венецыі пасля двухгадовага перапынку распачынаецца карнавал. Для тых, хто ў выходныя не меў часу чытаць навіны, сабралі галоўныя падзеі мінулага тыдня ў нашай фотападборцы.

Супольныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні «Саюзная рашучасць» на палігоне «Гожскі». На здымку – падраздзяленні механізаванай брыгады Узброеных сілаў Беларусі і падраздзяленні дэсантна-штурмавой брыгады Паветрана-дэсантных войскаў Расеі падчас вучэнняў знішчаюць дыверсійна-выведвальныя групы манеўранага праціўніка. Вайсковыя вучэнні праводзяцца ў межах другога этапу праверкі сілаў рэагавання Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. У гэты ж дзень стала вядома, што сілы спецыяльных аперацыяў Беларусі перакінутыя да мяжы з Украінай.
Фота: Леанід Шчаглоў / TASS / Forum
Раніцай 13 лютага каля манументу Незалежнасці ў Алматы з малітвы ў памяць аб загінулых падчас студзеньскіх падзей пачаўся жалобны мітынг. Сабралася каля 700 чалавек, паведамляе мясцовае выданне Orda.kz. Больш здымкаў тут.
Фота: Павел Міхееў / Reuters / Forum
Амерыканскія прадстаўнікі АБСЕ выязджаюць з Данецку. На здымку супрацоўнікі загружаюць багаж перад тым, як пакінуць гатэль «Park Inn», у якім размяшчаецца місія маніторынгу.
Фота: Аляксандр Ермачэнка / Reuters / Forum
Падводная лодка ВМФ Расеі «Растоў-на-Доне» плыве па Басфоры, накіроўваючыся праз Стамбул у Чорнае мора.
Фота: Yoruk Isik / Reuters / Forum
Пратэсты, якія атрымалі назву «Канвой свабоды», пачаліся ў Канадзе 29 студзеня 2022 года ў адказ на новыя правілы, згодна з якімі мінаць мяжу ЗША і Канады можна толькі вакцынаваным кіроўцам. Акцыя хутка перарасла ў дэманстрацыю супраць антывірусных абмежаванняў. У лютым у паралізаванай заторамі Атаве ўвялі надзвычайнае становішча. На мінулым тыдні канвой з’явіўся і ў Еўропе. Кіроўцы Францыі накіраваліся ў сталіцу, каб пратэставаць супраць увядзення абавязковых ковід-пашпартоў. У чацвер, 10 лютага, французскія ўлады абвясцілі «Канвой свабоды» па-за законам, а да выходных выставілі на падʼездах да гораду дадатковыя паліцэйскія блокпасты. У суботу, 12 лютага, дэманстрацыі ў Парыжы працягнуліся нягледзячы на забарону. Паліцыя ўжыла газ, каб разагнаць невялікія групы дэманстрантаў.
Фота: Sadak Souici / Zuma Press / Forum
Аўтамабілі спыняюцца перад затопленай зонай на дарозе ў Вогіпарары (Vohiparara) пасля таго, як цыклон Бацыраі абрынуўся на Мадагаскар.
Фота: Christophe Van Der Perre / Reuters / Forum
Спартоўкі Алена Кручынкіна з Беларусі і Мартэ Олсбу Рэйсэлян (Marte Olsbu Røiseland) з Нарвегіі спаборнічаюць у індывідуальнай гонцы на 15 км сярод жанчын у Нацыянальным цэнтры біятлону на зімовых Алімпійскіх гульнях 2022 года. Пакуль што на рахунку беларускай каманды ўсяго адзін медаль. Біятланіст Антон Смольскі стаў срэбным прызёрам у індывідуальнай гонцы на 20 кіламетраў.
Фота: Станіслаў Красільнікаў / TASS / Forum
З 12 лютага да 1 сакавіка ў Венецыі праходзіць традыцыйны карнавал – першы пасля двухгадовага перапынку. Арганізатары былі вымушаныя адмяняць свята два гады запар з прычыны пандэміі COVID-19. Сёлета карнавал вырашылі правесці пасля скасавання некаторых каронавірусных абмежаванняў, у тым ліку патрабавання абавязковага нашэння масак на вуліцах у месцах масавага збору людзей.
Фота: Manuel Silvestri / Reuters / Forum
У субботу, 12 лютага, украінцы выйшлі на «Марш еднасці» ў Кіеве. Беларусы іх падтрымалі. Больш фота тут.
Фота: Аляксандр Гусеў / Zuma Press / Forum
Эманюэль Макрон і Уладзімір Пуцін падчас брыфінгу 7 лютага ў Маскве таксама абмеркавалі будучыя змяненні ў Канстытуцыю Беларусі. Прэзідэнта Францыі найбольш хвалявала выдаленне з тэксту асноўнага закону двух палажэнняў ад 1994 года – пра статус нейтральнай і бяз’ядравай дзяржавы (артыкул 18 Канстытуцыі Беларусі). На здымку той самы 6-метровы стол, які, нібыта, з’явўся праз адмову Макрона рабіць тэст на каронавірус.
Фота: SPUTNIK / Reuters / Forum

Саша Альтэр, belsat.eu

Стужка навінаў