МЗС абяцае «прапарцыйныя і адэкватныя» захады ў адказ на санкцыі


“Напружанасць у адносінах з Еўрапейскім Звязам – гэта не наш выбар, – сцвярджаецца ў заяве беларускага МЗС. – Аднак рашэнні Рады ЕЗ вымушаюць Беларусь пайсці на прапарцыйныя і адэкватныя зместам захады, якія будуць скіраваныя на ўмацаванне суверэнітэту Беларусі, захаванне стабільнасці ды кансалідацыі беларускага грамадства”.

Міністэрства замежных справаў Беларусі выказала глыбокае шкадаванне ў звязку з рашэннем Рады ЕЗ ад 31 студзеня аб увядзенні санкцыяў у дачыненні 158 беларускіх чыноўнікаў.

Як заявіў журналістам прэс-сакратар замежнапалітычнага ведамства Андрэй Савіных, гэтае рашэнне “грунтуецца на адкрытым замоўчванні ініцыятыўных агрэсіўных дзеянняў і гвалту з боку дэманстрантаў, якія выявіліся ў спробе захопу будынку ўраду і парламенту Рэспублікі Беларусь 19 снежня 2010 года пасля прэзідэнцкіх выбараў. Селектыўнае і ўпярэджанае тлумачэнне ў высновах ЕЗ вынікаў міжнароднага назірання за выбарамі ў Беларусі скіраванае на ігнараванне яснага волевыяўлення беларускага народу”.

Закладзеная ў высновах Еўрапейскага Звязу логіка, адзначаецца ў заяве, падштурхоўвае яго да наўпроставага ўмяшання ў справы суверэннай дзяржавы, падрывае давер і непазбежна вядзе да дзеянняў, што разбураюць перспектыву агульнай для Усходу і Захаду нашага кантынента мэты – фармаванне Еўропы без раздзяляльных лініяў.

“Ствараючы штучныя перашкоды на ўзроўні міждзяржаўнага ўзаемадзеяння, Еўразвяз пазбаўляе сябе магчымасці спрыяць у канструктыўным ключы сацыяльна-грамадскім пераўтварэнням у Беларусі”, – гаворыцца ў дакуменце.

belsat.eu

Стужка навінаў