Гурт «Ляпіс Трубяцкі» ўганаруюць за ўнёсак у айчынны рок


Журы новай музычнай прэміі ў галіне року, індзі ды альтэрнатывы «Rock Profi» абвесціла намінантаў.

Такім чынам «Артыстам года» могуць стаць: «Akute», «The toobes», «Дай Дарогу!», «Ляпіс Трубяцкі», «Срэбнае вяселле».

За званне «Найлепшы альбом» пазмагаюцца: «Akute» – «Не існуе», «Clover club» – «Random mood jukebox», «Yellow brick road» – «Futuremental», «Ляпіс Трубяцкі» – «Рабкор», «Срэбнае вяселле» – «Laterna magica».

На перамогу ў намінацыі «Найлепшая песня» прэтэндуюць: «Akute» – «Кроў бы вада», «Clover club» – «On rewind», «Ляпіс Трубяцкі» – «Жалезны», Сяргей Пукст – «Зусім іншы ў жыцці», «Срэбнае вяселле» – «Чорная рэчка».

Намінантамі на «Дэбют года» журы абрала: «2morrow2late», «Сlover club», «Hair peace salon», «Nizkiz», «Sang sattawood».

Намінацыя «Найлепшы запіс» разыгрываецца між: «Akute» – «Не існуе», «Clover club» – «Random mood jukebox», «Yellow brick road» – «Futuremental», Зміцер Вайцюшкевіч і «WZ-Orkiestra» – «Ваячак», «Срэбнае вяселле» – «Laterna magica».

У першым туры галасавання ўзялі ўдзел 57 калектываў і выканаўцаў (1 гурт = 1 голас), якія выдалі альбомы ў 2010–12 гадах. Галасаваць за працы ды праекты са сваім удзелам было забаронена.

«Папулярнасць у публікі ды павага калегаў супадаюць далёка не заўжды. Вынікі намінацыі «За ўнёсак» былі найбольш адназначнымі: за «Ляпісаў» прагаласавалі каля паловы ўсіх апытаных музыкаў, што, на мой погляд, найлепш адлюстроўвае іх значнасць у сучасным беларускім музычным кантэксце, – распавёў адзін з арганізатараў «Rock Profi» Павел Юрцэвіч. – А вось у астатніх намінацыях прадказаць пераможцу будзе вельмі складана».

На гэтым тыдні адбудзецца другі і заключны тур галасавання. Пераможцаў абвесцяць 16 красавіка.

Н.Я.belsat.eu

Стужка навінаў