У чаканні вясны буслы кормяцца на сметніках


Арнітолагі фіксуюць першых пералётных птушак, якія вярнуліся з зімоўкі ў Беларусь.

Пакуль звыклыя месцы харчавання заваленыя снегам, у Кобрынскім раёне буслы пасяліліся на палігоне цвёрдых побытавых адкідаў.

«Сваім берасцейскім калегам я рэкамендавала не чапаць гэтых птушак, не спрабаваць адлавіць ці неяк штучна накарміць, – зазначае арнітолаг Ірына Самусенка. – Я мяркую, калі надвор’е не зменіцца, яны або адкачуюць на колькі кіламетраў, ці застануцца чакаць, каб вярнуцца на свае старыя гнёзды».

Паводле звестак кальцавання, буслы – вельмі кансерватыўныя: гняздзяцца не далей за колькі кіламетраў ад месца, дзе вылупіліся самыя. Таму, прагназуе адмыслоўца, птушкі наўрад ці ўпадабаюць сметнікі для стала жыхарства. З гэтай жа прычыны арнітолаг сумняецца ў тым, што буслы маглі завярнуць з Беларусі назад, у вырай.

«Малаімаверна, што яны зноў паляцелі ў Ізраіль, – разважае спадарыня Самусенка. – Прынамсі, я не маю такіх звестак. У буслоў моцны інстынкт да месцаў гнездавання. Зафіксавана, што ў Галандыі ды Заходняй Польшчы бусліная пара ўжо заняла гняздо. Ну, а нашыя чакаюць, пакуль сыдзе снег».

Аматары птушак ужо заўважылі белых буслоў у Ельскім, Кобрынскім і Берасцейскім раёнах. Традыцыйна буслы прылятаюць у Беларусь 21–24 сакавіка. Паводле іх колькасці, нашая краіна – 4-я ў свеце пасля Украіны, Польшчы ды Іспаніі.

Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў