Беларускія бяздомнікі: Колькі іх і ці маюць яны шанец вярнуцца да нармальнага жыцця?


Нядаўна міністр працы і сацыяльнай абароны Марыянна Шчэткіна падлічыла, што ў Беларусі каля 4 тысяч бяздомнікаў. Афіцыйныя звесткі апошняга перапісу кажуць, што ў краіне не маюць дому толькі 587 асобаў. Чаму бяздомнікаў раптам паболела і як ў Беларусі змагаюцца з бяздомнасцю як сацыяльным феноменам?

Эканаміст Міхал Залескі лічыць, што ні першая, ні другая лічбы не адпавядаюць рэчаіснасці. «Пад перапіс патрапілі толькі тыя, што быў у прытулках ды ізалятарах часовага ўтрымання на дату перапісу», – зазначае эксперт.

«Мінсацабароны падае лічбу сярэднегадовага ўліку паводле справаздачнасці цэнтраў сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. МУС фіксуе асобаў без пэўнага месца жыхарства толькі ў выпадку іхных проціпраўных дзеянняў. А на самой справе, калі бяздомнікаў у нас на 1 мільён насельніцтва, як у ЗША, то павінна быць 13000, калі як у Расеі – то 20000. Думаю, што ў нас іх каля 10 тысячаў», – гэтак Міхал Залескі каментуе сённяшнюю статыстыку.

У дакументах перапісу, апроч бяздомнікаў, якія ўлічваюцца ў асобнай графе, гэтак жа асобна лічацца тыя, хто назваў сваім домам “нежылыя памяшканні, што выкарыстоўваюцца для жыцця». Такіх на ўсю Беларусь назбіралася толькі больш за тысячу. Яшчэ 4 тысячы жывуць у «іншых жылых памяшканнях». А гэта – вагоны, сараі, гаражы і гэтак далей. «У вагоне ці сараі чалавек не можа быць зарэгістраваным, таму і тых, хто жыве ў іх, цалкам правамоцна лічыць бяздомнымі», – адзначае юрыст Вольга Краўчанка.

Начлежны дом: Дах над галавою дадуць, а ежу давядзецца здабываць самім

Праблему бяздомніцтва пакліканыя вырашаць гэтак званыя начлежныя дамы, якіх у Беларусі за апошнія гады паўстала ўжо некалькі: у Менску, Горадні, Віцебску, Оршы, Магілёве, Баранавічах. 1 сакавіка распачаў працу дом для бяздомных у Бабруйску. Прыняць гэтыя дамы могуць да 20–50 асобаў, менскі разлічаны на 92.

Начлежны дом завецца гэтак таму, што быць там можна толькі ўначы, а ўдзень бяздомныя мусяць шукаць сабе працу. А яшчэ ежу, бо ў прытулках іх не кормяць. У Горадні ды Віцебску гарачыя абеды для бяздомных ладзіць каталіцкі «Карытас», у Баранавічах – місія хрысціян веры евангельскай «Вяртанне».

На адрас начлежных дамоў бяздомным даецца часовая рэгістрацыя на тэрмін ад месяца да года. За адведзены час асоба мусіць паспець нанова адаптавацца да грамадства, знайсці працу і жыллё.

Каб атрымаць рэгістрацыю, недастаткова проста прыйсці і сказаць, што ты – бомж. Будзе праведзенае правяранне, ці насамрэч асоба не мае, дзе жыць, і ці адпавядае яна азначэнню «асоба без пэўнага месца жыхарства».

У прытулкі бяруць не ўсіх – дакладна не прымуць з заразнаю хваробаю, а таксама п’яных і нарказалежных. У той жа час дырэктар гарадзенскага прытулку распавядае, што ў іх цяпер жыве бяздомнік з ВІЧ.

Часовая рэгістрацыя ў начлежным доме дае права на працу, на медычнае абслугоўванне, але з ёю нельга стаць у чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоваў, узяць крэдыт ці атрымаць візу. Але часовая рэгістрацыя дае права галасаваць на выбарах.

Праваабаронца Валер Шчукін лічыць, што начлежныя дамы ў тым выглядзе, у якім яны існуюць сёння –не выйсце. «Там жа так – ты начуеш, а днём – ідзі куды хочаш. Гэта не дом для нармальнага чалавека. Яны дапамагаюць не памерці ад маразоў зімою, але наўрад ці яны могуць вярнуць чалавека да жыцця».

Самі бяздомныя не надта хочуць ісці ў начныя прытулкі. Паводле загадчыкаў, найбольшая запаўняльнасць бывае зімою – на 70–90 %. Летам – добра, калі на 50 %. За год праз прытулкі ў Менску і абласных цэнтрах праходзяць па 200–250 асобаў. Да нармальнага жыцця з іх вяртаюцца 15–20 %. Не могуць, маўляў, бяздомнікі жыць у грамадстве, ім падабаецца іхная свабода – гэтакі стыль жыцця.

Псіхолаг: Бяздомніцтва не можа быць стылем жыцця

Псіхолаг бабруйскага тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Тарадайка лічыць, што свабода гэтая – уяўная. «Бяздомніцтва – гэта не нармальны стан чалавека і не можа быць стылем жыцця. На вуліцы чалавек дэградуе, а нармальна для чалавека – развівацца».

Святлана ўпэўненая, што, апроч даху над галавою і чыстага адзення, часта не абысціся без псіхалагічнай дапамогі. «Тыя, хто жыве на вуліцы цягам шматлікіх гадоў, губляюць веру ў сябе, у іх развіваецца набытая бездапаможнасць – нешта ж здарылася, што зламала чалавека, прывяло на вуліцу. У такіх людзей трэба абудзіць іхныя адаптацыйныя здольнасці. Для бяздомных характэрная адсутнасць унутранай актыўнасці, яны не бачаць перспектываў, і вось тут і мусіць працаваць псіхолаг, каб падштурхнуць чалавека ўзяць жыццё ў свае рукі».

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў