Аляксандр Класкоўскі пра адстаўку Ярмошынай: «Лукашэнка спрабуе імітаваць нейкія перамены»


Аляксандр Лукашэнка адправіў у адстаўку старшыню Цэнтрвыбаркаму Лідзію Ярмошыну, якая займала гэтую пасаду апошнія 25 гадоў. Новым кіраўніком ЦВК прызначылі былога міністра адукацыі Ігара Карпенку, які зможа паспрабаваць сябе на новай пасадзе ўжо ў лютым наступнага года, калі ў краіне мае адбыцца рэферэндум па змене Канстытуцыі. Пра тое, чым абумоўленыя такія змены, і да чаго яны прывядуць у выніку ў праграме «Студыя Белсат» паразважаў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што сённяшняя адстаўка Лідзіі Ярмошынай і прызначэнне новым старшынём ЦВК Ігара Карпенкі носяць выключна фармальны характар і проста імітуюць нейкія змены ў сістэме, пра якія неаднаразова заяўляў Лукашэнка.

«Натуральна, што гэтае рашэнне прымаў Аляксандр Лукашэнка, і прымаў ён з некалькіх меркаванняў. Па-першае, чалавеку ўжо сапраўды 68 гадоў, напэўна, ужо не той драйв, не тая энергія, хоць 25 гадоў яна спрытна забяспечвала ўсе гэтыя так званыя гіганцкія перамогі. Але самае галоўнае тут – іміджавае меркаванне. Аляксандр Лукашэнка спрабуе імітаваць нейкія перамены. Глядзіце, ён і пра новую Канстытуцыю гаворыць, што мы даем вам «перамены», але яны нешта носам круцяць. То бок гэтую Канстытуцыю, якая толькі ўзмацняе аўтарытарную сістэму, ён як нешта прагрэсіўнае выдае. Так і змену фігуры на пасадзе ЦВК, я ўпэўнены, што і Лукашэнка, і прапаганда будуць піярыць, маўляў, у нас адбываюцца нейкія змены. Натуральна, мы разумеем, што гэта ўсё толькі пыл у вочы».

Hавiны
«Паганыя жонкі» і «няўдачнікі». Топ-5 цытатаў Ярмошынай
2021.12.13 15:47

Палітычны аглядальнік упэўнены, што прызначэнне новага старшыні не прынясе станоўчых зменаў у выбарчы працэс. Наадварот, паводле Класкоўскага, лютаўскі рэферэндум пройдзе цалкам па сцэнары ўладаў, бо палітычная актыўнасць у краіне цяпер задушаная.

«Я думаю, што наадварот гэты рэферэндум, які прызначаны на канец лютага, ён пройдзе па яшчэ больш жорсткім сцэнары, чым выбары 2020 года. Тады людзі, усё ж такі, імкнуліся і назіральнікамі быць. Цяпер усё разгромлена, і нават да былых назіральнікаў прыходзяць сілавікі з ператрусамі. Узровень страху такі вялікі, і настолькі задушаная ў краіне палітычная актыўнасць, што цяпер, я думаю, нават і спробаў не будзе незалежнымі назіральнікамі зарэгістравацца на выбарах. Таму камісіі, я думаю, будуць стэрыльныя.

Карпенка дагэтуль быў міністрам адукацыі, а мы ведаем, што з большага гэтыя выбаркамы нізавога звяна якраз са школьных педагогаў складаліся і будуць складацца. У гэтай справе Карпенка мае досвед, як і ў справе чыстак. Цяпер фармаваць камісіі будзе лягчэй, бо засталіся толькі лаяльныя ці тыя, хто вельмі добра імітуе лаяльнасць».

Аляксандр Класкоўскі, беларускі журналіст, палітычны аглядальнік. Менск, Беларусь. 15 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Аляксандр Класкоўскі выказаў думку, што за кошт будучага рэферэндуму Лукашэнка паспрабуе імітаваць сваю легітымнасць, атрымаўшы на ім яшчэ большыя лічбы, чым запісалі па выніках выбараў 2020 года.

«Мяне насцярожвае тое, што нядаўна Лукашэнка, здаецца, гэта было інтэрв’ю Бі-Бі-Сі, сказаў, што яго ўжо цяпер нават не 80, а 90 адсоткаў падтрымліваюць. Я дапускаю, што менавіта ў гэтым інтэрвале – 80 %–90 % – пастаўленая задача вывесці афіцыйную лічбу падтрымкі новай Канстытуцыі па выніках гэтага лютаўскага меркаванага рэферэндуму. За ягоны кошт, відавочна, Лукашэнка хоча неяк уратаваць, падвысіць, зацыраваць сваю вось гэтую легітымнасць, якая пахіснулася і правісла пасля выбараў 2020 года».

Поўную размову з палітычным аналітыкам Аляксандрам Класкоўскім можна паглядзець у праграме «Студыя Белсат».

Hавiны
Цэнтрвыбаркам Беларусі ўзначаліў Ігар Карпенка
2021.12.13 11:59

ВК belsat.eu

Стужка навінаў