Вялікія перастаноўкі ў кабінеце міністраў Вялікай Брытаніі. Дэйвід Кэмэран зноў пры ўладзе


Міністарку ўнутраных справаў Вялікай Брытаніі Суэлу Брэвэрмэн адправілі ў адстаўку пасля таго, як у аўтарскай калонцы, апублікаванай у газеце «Times», яна абвінаваціла паліцыю ў занадта мяккім стаўленні да ўдзельнікаў антыізраільскіх акцыяў у Лондане, піша Бі-Бі-Сі.

У сваёй калонцы Суэла Брэвэрмэн зазначыла, што лонданская паліцыя дзее куды больш цвёрда і жорстка, калі супрацьстаіць іншым пратэстоўцам, прыкладам, правага толку. Артыкул міністаркі выклікаў у грамадстве шмат розных эмоцыяў. Гучалі патрабаванні да прэм’ер-міністра Брытаніі аб яе звальненні. У выніку Брэвэрмэн адправілі ў адстаўку, патлумачыўшы, што яна «нагнятала напружанасць» і адмовілася змякчаць танальнасць і змест свайго артыкулу.

Звальненне Суэлы Брэвэрмэн паклала пачатак маштабным перастаноўкам у кабінеце міністраў, якія, як чакаецца, будуць зробленыя прэмʼер-міністрам Рышы Сунакам на наступным тыдні.

Дэйвід Кэмэран зноў пры ўладзе

Раніцай 13 лістапада на Даўнінг-стрыт заўважылі міністра замежных справаў Джэймза Клэвэрлі, які заменіць Брэвэрмэн на яе пасадзе. Таксама ў рэзідэнцыю прэмʼер-міністра нечакана прыехаў былы прэмʼер краіны Дэйвід Кэмэран – ён атрымаў партфель міністра замежных справаў.

Дэйвід Кэмэран стаў новым міністрам замежных справаў Вялікай Брытаніі.
Фота: Tayfun Salci / Zuma Press / Forum

Кэмэран не ёсць дзейным дэпутатам брытанскага парламенту. Ён зойме месца ў Палаце лордаў, і гэта зробіць магчымым ягонае прызначэнне на пасаду міністра замежных справаў.

Дэйвід Кэмэран быў прэмʼер-міністрам Абʼяднанага Каралеўства цягам шасці гадоў – з 2010 да 2016 года. Ён зацяты крытык вонкавай палітыкі Расеі. Выступаў за правядзенне плебісцыту аб сяброўстве Вялікай Брытаніі ў складзе ЕЗ, але быў супраць выхаду з Еўразвязу. Сышоў у адстаўку пасля рэферэндуму 2016 года. Яму 57 гадоў, мае дзвюх дачок і сына.

Hавiны
Святлана Ціханоўская выступіла ў парламенце Вялікай Брытаніі з «Вестмінстарскай лекцыяй»
2023.10.17 19:58

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў