«Нашыя лаўкі – для ўсіх!» У Варшаве прайшоў Марш супраць нянавісці


«Няма згоды на нянавісць!» – гучала падчас Маршу супраць нянавісці, які прайшоў у аўторак 13 верасня ў варшаўскім раёне Грохув (Прага-Поўдзень). Акцыя сталася адказам на інцыдэнт з сумна вядомай «польскай лаўкай», калі на адрас беларусаў і ўкраінцаў з боку некалькіх жыхароў Грохува прагучалі пагрозы і ксенафобскія выказванні.

Марш супраць нянавісці ў раёне Грохув (Прага-Поўдзень). Варшава, Польшча. 13 верасня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар/ Белсат

Марш супраць нянавісці распачаўся на падворку, дзе 2 верасня адбыўся інцыдэнт паміж мясцовымі жыхарамі і эмігрантамі з Беларусі і Украіны. Некалькі жыхароў раёну вырашылі, што беларусы і ўкраінцы не маюць права гуляць у футбол на мясцовай спортпляцоўцы, а нават – і сядзець на лаўцы. Бо «гэта польская лаўка, а ўкраінскай тут няма».

«Вы ў Польшчы, і маеце рабіць тое, што хочам мы, а не наадварот», – казаў адзін з хуліганаў, шчодра прыпраўляючы фразы лаянкай. Прагучалі таксама пагрозы.

Выпадак атрымаў розгалас пасля таго, як відэа здарэння апублікавалі актывісты Цэнтру маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзінаў (Ośrodek Monitorowania Zachowań Rasistowskich i Ksenofobicznych). Ужо вядома, што двум мужчынам і жанчыне, з боку якіх прагучалі на адрас украінцаў і беларусаў пагрозы, польская пракуратура выставіла абвінавачанні.

Адзін з эмігрантаў-удзельнікаў канфлікту стаіць на фоне той самай «польскай лавы».
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Мы ў гасцях, але мы – людзі»

Адзін з беларусаў, які быў выгнаны з футбольнай пляцоўкі, – Аляксей Худанаў. Перад пачаткам маршу ён расказаў, што гулялі на футбольным полі пад домам, у якім зараз жыве, усё лета – два разы на тыдзень. Але пасля выпадку «з лаўкай» вырашылі знайсці іншае поле (і іншую лаўку) і не правакаваць мясцовых жыхароў. Прызнаецца, што ў той дзень было спачатку крыўдна, а потым – страшна, бо прыйшоў «чалавек у байцоўскай форме».

«Мы ў гасцях, мы разумеем гэта. Але з іншага боку, мы разумеем, што мы маем права гуляць у футбол, бо мы ж людзі. У першую чаргу – людзі», – кажа Аляксей Худанаў.

Ён мяркуе, што большасць палякаў прыязна ставіцца да беларусаў і ўкраінцаў, і той выпадак варта ўспрымаць хутчэй як выключэнне.

Дарэчы, сумна вядомая «польская лаўка» каля футбольнага поля была ў гэты дзень незанятая.

«Нашыя лаўкі – для ўсіх. Нашыя лаўкі – для кожнага!» – скандавалі пазней удзельнікі шэсця.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Каб адчувалі сябе як дома»

Адна з арганізатарак маршу польская актывістка Дарота Спырка кажа, што акцыя ладзіцца дзеля таго, каб паказаць тым, хто ўчыніў акт нянавісці 2 верасня, што іх дзеянні не застануцца незаўважанымі. І яшчэ – каб атакаваныя адчулі салідарнасць іншых палякаў.

«Каб пачулі, што большасць з нас не выказвае згоды на нянавісць. Хочам, каб украінцы і беларусы, якія шукаюць у нас прытулку, адчувалі тут сябе як дома, адчувалі сябе бяспечна», – кажа Дарота Спырка.

На яе думку, каб у будучыні не здараліся такія выпадкі, трэба больш увагі ўдзяляць адукацыі і тлумачыць простым палякам, што ўцекачы не ўяўляюць пагрозы для польскага грамадства. Спадарыня Дарота таксама выказала спадзяванне, што нападнікі пабачаць гэты пратэст на ўласныя вочы («Мусяць бачыць, што мы іх бачым»).

 
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Як аказалася, адзін з тых, хто выганяў беларусаў і ўкраінцаў з футбольнага поля, сапраўды назіраў за пачаткам акцыі з 4-га паверху аднаго з дамоў. Але да грамады не спускаўся, бо мае забарону пракуратуры набліжацца да пацярпелых на адлегласць, меншую за сто метраў.

«Аўшвіц не ўпаў з неба»

Перад пачаткам шэсця выступіў польскі палітык і гісторык Адрыян Зандберг.

«У звычайным жыцці могуць быць спрэчкі і дыскусіі. Але нельга, каб такія спрэчкі перарасталі ў гвалт. Агульныя нашыя падворкі і дамы для таго, каб мы былі разам і каб разам гулялі ў футбол», – сказаў Адрыян Зандберг.

 
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пасля словаў палітыка на падворку сталася гучна: да акцыі далучыліся і далі дыхту мясцовыя бубначы.

«Кожны ваш пратэст вельмі важны для тых, хто робіцца ахвярай такіх нападаў. Прадавачка ў склепе ці супрацоўніца ў дзяржаўнай установе, якім не падабаецца, як вы гаворыце па-польску… Аўшвіц не ўпаў з неба. Вельмі не хочацца, каб мы падыходзілі да гэтага блізка», – сказала ў сваёй прамове ўдзельніца маршу культуразнаўца Наталля Герберт.

 
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Калона пратэстоўцаў прайшла па варшаўскіх вуліцах Прагі-Поўдзень ад месца здарэння на вуліцы Разлуцкай да плошчы Шамбэка. Удзельнікі трымалі ў руках плакаты з надпісамі «Прэч, з ксенафобіяй!», «Радыя бачыць у сябе ўцекачоў», «Польшча – дом для ўсіх», «Салідарнасць – нашая зброя», «Грохув – фантастычна гасцінны» ды з іншымі.

Але лейтматывам было – «Няма згоды на нянавісць!» Калі калона праходзіла каля аднаго з аўтобусных прыпынкаў і скандавала «Нашыя лаўкі – для ўсіх», чакальцы грамадскага транспарту ўзняліся з лаўкі. Магчыма – на знак салідарнасці…

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Марш супраць нянавісці ў Варшаве прайшоў пад нацыянальнымі ўкраінскімі і беларускімі сцягамі. Але сцягоў было нягуста. Удзел у шэсці ўзяло каля 80 чалавек.

Аналітыка
Што варта ведаць беларускім эмігрантам у Польшчы пра дыскрымінацыю, легалізацыю і абарону правоў
2022.09.13 08:30

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў