Улады Менску паабяцалі на наступным тыдні завяршыць апрацоўванне тэрыторыяў ад кляшчоў


Агенцтва «Минск-Новости» паведаміла, што апрацоўванне ад кляшчоў у зялёных зонах сталіцы плануюць завяршыць на наступным тыдні. Сярод праблемных тэрыторыяў – Парк валуноў ва Уруччы, Яблыневы сад у Малінаўцы, Парк імя Грэкавай у Серабранцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Erik Karits / pexels.com

У Менскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі распавялі пра апрацоўванне хімікатамі тэрыторыяў, дзе выявілі перавышэнне дапушчальнай колькасці кляшчоў. Чыноўнікі абяцаюць завяршыць гэтую працу на наступным тыдні.

Адмыслоўцы сочаць за распаўсюдам кляшчоў і вызначаюць месцы, дзе патрабуюцца захады бяспекі. Паводле звестак на 10 траўня, вялікую колькасць крывасмокаў выявілі, у прыватнасці, у лесе Цнянскага вадасховішча, у Парку валуноў ва Уруччы, Яблыневым садзе ў Малінаўцы, Парку імя Грэкавай ды Горадзе птушак у Серабранцы, парку Цівалі, на шасці пляжах Заслаўскага вадасховішча.

За чатыры месяцы сёлета ў Менску за дапамогаю да лекараў звярнуліся 416 пакусаных кляшчамі. Прычым у 80% выпадкаў крывасмокі нападалі па-за межамі сталіцы.

Кляшчы небяспечныя тым, што пераносяць інфекцыі. Пры наведванні зялёных зон адмыслоўцы раяць апранаць светлую шчыльную вопратку (на цёмным адзенні кляшчы незаўважныя), карыстацца спецыяльнымі сродкамі. Па вяртанні патрабуецца агледзець сябе і хатняга гадаванца, калі шпацыр быў у кампаніі з ім.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў