У Бранскай вобласці збілі знішчальнікі і верталёты, якія ляцелі бамбаваць Украіну


Амаль адначасова 13 траўня ў Бранскай вобласці былі збітыя знішчальнік-бамбавік Су-34, знішчальнік Су-35 і два верталёты Мі-8 паветрана-касмічных сілаў Расеі, паведамляе «Коммерсант».

Знішчальнік Су-34.
Фота: aviarf.ru

Паводле тэлеграм-каналу Mash, Су-34 упаў у вёсцы Істраўка пад Старадубам.

Верталёт Мі-8 упаў у Клінцах, яшчэ адзін такі ж – у горадзе Старадуб.

Паводле кіраўніка Бранскай вобласці Аляксандра Богамаза, у Клінцах параненая мясцовая жыхарка, пашкоджаныя пяць гаспадарак. Пра астатнія тры выпадкі ўлады рэгіёну не паведамляюць.

Паводле папярэдніх дадзеных уся збітая авіятэхніка ўваходзіла ў адну авіягрупу.

«Знішчальнікі павінны былі нанесці ракетна-бомбавы ўдар па мэтах на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці Украіны, а верталёты іх падстрахаваць, каб у тым ліку падабраць экіпажы Су, калі яны будуць збітыя агнём праціўніка», – піша «Камерсант».

Экіпажы ва ўсіх выпадках загінулі. Нападнікаў цяпер шукаюць паўсюль на зямлі і ў паветры, уведзены план «Перахоп».

«Камерсант» зазначае, што па відэазапісах, выкладзеных у сацсеткі мясцовымі жыхарамі, можна зрабіць выснову, што Мі-8, які ўпаў на ўскрайку Клінцоў, быў збіты ракетай, пуск якой ажыццяўляўся з зямлі. Адмыслоўцы мяркуюць, што атака, хутчэй за ўсё, ажыццяўлялася сродкамі паражэння «паветра-паветра», то бок з самалёту ці верталёту, і такім чынам, авіягрупа, хутчэй за ўсё, трапіла ў авіязасаду.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў