Ахвяра фэйкавага бота і новае абвінавачванне для Пратасевіча. Хроніка рэпрэсіяў за 13 красавіка


ГУБАЗіК заявіў пра затрыманне мужчыны, які перайшоў па фэйкавай спасылцы нібыта ад плана «Перамога». Колішняму рэдактару «NEXTA» Раману Пратасевічу выставілі больш жорсткае абвінавачванне. Жыхара Іванава двойчы асудзілі за надпіс на бюлетэні для галасавання. Пра гэта – у чарговай хроніцы рэпрэсіяў, што вядзе «Белсат».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Luis Quintero / Pexels

ГУБАЗіК затрымаў мужчыну, які перайшоў па фэйкавай спасылцы нібыта ад плана «Перамога». Пра пагрозу новага бота сёння папярэджваў «ByPol». Паводле звестак «Нашай нівы», за краты трапіў 40-гадовы жыхар менскай Грушаўкі Андрэй Варонін. Ці заведзеная супраць яго адміністрацыйная або крымінальная справа, невядома.

Колішняму рэдактару «NEXTA» Раману Пратасевічу выставілі новае і больш жорсткае абвінавачванне: паўторнае кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем. Новым «злачынным» эпізодам палічылі працу ў Telegram-канале «Беларусь головного мозга». У судовым працэсе над Пратасевічам абвесцілі перапынак да 19 красавіка, каб ён азнаёміўся з абвінавачваннем перад новым допытам.

Раман Пратасевіч у Менскім абласным судзе.
Фота: Віталь Піваварчык / belta.by

Жыхара Іванава двойчы асудзілі за адное і тое ж: надпіс на бюлетэні на так званым рэферэндуме. Мантажнік Дзмітрый Жыдко пакінуў на паперцы сваё меркаванне пра Лукашэнку і Пуціна.

Спачатку мужчыну далі 15 содняў арышту за «дробнае хуліганства», а пазней за той жа эпізод распачалі і крымінальную справу. Суддзя Мікалай Стасевіч прызначыў 2 гады калоніі, тэрмін скарацілі на год з улікам амністыі. Артыкул – «Хуліганства».

Суддзя Іванаўскага раённага суда Мікалай Стасевіч.
Фота: «Вясна» / Telegram

Дырэктарку Цэнтру славянскіх моваў і культур «Слаўцэнтр» Ірыну Зімневу аштрафавалі на 20 базавых велічыняў нібыта за лаянку на адрас міліцыянтаў, але не адпусцілі. Дзе яна цяпер, невядома. Таксама невядома, ці гэта затрыманне паводле новай справы, ці іншая працэдура.

Справу разгледзела суддзя Таццяна Мотыль.

Сёння ж адбыліся вобшукі ва ўсіх офісах «Слаўцэнтру», была канфіскаваная тэхніка. Затрымалі таксама мужа Ірыны Аляксея. У сям’і гадуюць дзвюх дачок.

Ірына Зімнева.
Фота: viasna96 / Telegram

За ўдзел у акцыях пратэсту ў Менску асудзілі архітэктарку Валерыю Сокал. Паводле «народнага» артыкула аб групавых дзеяннях, што груба парушылі грамадскі парадак, ёй прызначылі 2,5 гады абмежавання волі. Справу разгледзела суддзя суда Цэнтральнага раёну Менску Юльяна Шчэрба.

Затрымалі псіхолага і былога супрацоўніка БДПУ Сяргея Іванцова. Ён нібыта пісаў каментары ў чат-бот канала «Беларусь головного мозга». Супраць мужчыны завялі крымінальную справу. Паводле якога артыкула, невядома.

Шматдзетнаму бацьку з Баранавічаў, асуджанаму за каментар, замянілі «хатнюю хімію» на калонію. Антона Кавалёва прызналі вінаватым у «парушэнні ўмоваў адбывання пакарання». Яго ўзялі пад варту пасля суда. У калоніі ён прабудзе 4 месяцы. Такі вырак агучыла суддзя суда Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы Іна Паўлоўская. Менавіта яна ў 2021-м прызначыла Кавалёву 2 гады «хатняй хіміі» за каментар у інтэрнэце.

Былую журналістку БТ Ксенію Луцкіну зноў будуць судзіць. Менскі гарадскі суд прызначыў на 19 красавіка новы працэс над ужо асуджанай экс-супрацоўніцай Беларускай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Ксеніяй Луцкіной, паведамляе «Радыё Свабода».

У верасні 2022 года Ксенію Луцкіну асудзілі да 8 гадоў зняволення за «змову ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады».

За што журналістку будуць судзіць цяпер – невядома. Побач з датай судовага пасяджэння пазначаная фармулёўка: «Разгляд пытанняў, звязаных з вынясеннем прысуду, пастановы на выкананне».

Ксенія Луцкіна.
Фота: sb.by

З’явілася «пакаяннае» відэа з арганізатарам вулічнай гонкі пад Берасцем, якую разагналі сілавікі. Паведамляецца, што супраць трох затрыманых склалі пратаколы за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, 8 аўтамабіляў і 1 матацыкл былі змешчаныя на штрафстаянку, а 11 асобаў атрымалі адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне правілаў дарожнага руху.

Старэйшыню баптысцкай царквы «Новая Зямля» Андрэя Мамойку і ягоную жонку Веру пачнуць судзіць 20 красавіка, паведамілі сёння праваабаронцы цэнтру «Вясна». Сужэнцаў абвінавачваюць паводле «народнага» артыкула аб удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушылі грамадскі парадак. Справу разгледзяць у судзе Цэнтральнага раёну Менску. Суддзя – Дзмітрый Карсюк.

Андрэй Мамойка і ягона жонка Вера.
Фота: «Хрысціянская візія» / Telegram / christianvision

КДБ дадаў яшчэ адну асобу ў «тэрарыстычны спіс», Алега Зубовіча. 27-гадовы мужчына асуджаны паводле артыкула «Распальванне варожасці». Цяпер у пераліку асобаў, якія «маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», 1039 прозвішчаў.

Агляд
Затрымалі Ірыну Зімневу, Арцёма Лябедзьку не выпусцілі. Хроніка рэпрэсіяў 12 красавіка
2023.04.12 23:52

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў