news
Аналітыка
Выбары ва УНС: як у Беларусі кулуарна ствараюць «калектыўнага Лукашэнку»
Шараговых беларусаў гэтая структура фактычна не рэпрэзентуе.
14.03.202407:00

У Беларусі ідзе вылучэнне кандыдатаў у дэлегаты Усебеларускага народнага сходу. Афіцыйна гэта найвышэйшы прадстаўнічы орган Беларусі. Праўда, акурат з прадстаўнічасцю ў яго ці не самыя вялікія праблемы. І пакуль сам УНС эксперты ўспрымаюць як чарговую дэкарацыю з мэтаю захавання ўлады Аляксандра Лукашэнкі, найбольшую цікавасць уяўляе тое, хто мае ўвайсці ў прэзідыум гэтай структуры.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Вылучэнне кандыдатаў у дэлегаты Усебеларускага народнага сходу пачалося 12 сакавіка. Яно скончыцца 31 сакавіка. Затым з 1 да 10 красавіка пройдуць выбары дэлегатаў УНС ад мясцовых Саветаў дэпутатаў і грамадзянскай супольнасці. ЦВК плануе падвесці вынікі выбараў дэлегатаў УНС не пазней за 18 красавіка. А ўжо 25 красавіка мусіць адбыцца першае паседжанне структуры.

Непрадстаўнічая прадстаўнічасць

Паводле апошняй версіі Канстытуцыі, прынятай у 2022 годзе, УНС – гэта «найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічныя кірункі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду». Аднак нават самы просты аналіз дакументаў паказвае, што гэтая структура шараговых беларусаў фактычна не прадстаўляе, а нават афіцыйна ўключае перадусім чыноўнікаў і запісных прыхільнікаў дзейнага рэжыму.

Пачнем з таго, што далёка не ўсе грамадзяне Беларусі, якія валодаюць выбарным правам, могуць зрабіцца дэлегатамі УНС. Для гэтага трэба пастаянна жыць у Беларусі, то бок адсякаюцца прадстаўнікі эміграцыі – а гэта сотні тысяч чалавек (намеснік міністра ўнутраных справаў казаў пра 350 тысяч «беглых»). Таксама трэба не мець грамадзянства іншай дзяржавы або, напрыклад, карты паляка.

З тых грамадзянаў, якія застаюцца, плануецца абраць у склад УНС не больш як 1200 асобаў. Паводле закону, «Усебеларускі народны сход фармуецца з дэлегатаў, якія прадстаўляюць розныя сацыяльныя пласты і групы грамадства». Але зноў жа ніякай рознасці ў адпаведным заканадаўстве не праглядаецца.

Гэтак, сярод дэлегатаў дзейны і былы прэзідэнты Беларусі (у афіцыйных рэаліях гэта пакуль адна і тая ж асоба), дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і чальцы Савету Рэспублікі, Савету Міністраў разам з прэм’ерам, старшыні абласных, раённых і гарадскіх выканкамаў, старшыні, іхныя намеснікі і суддзі Канстытуцыйнага Суда і Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь. Яшчэ 350 чальцоў УНС будуць прадстаўляць мясцовыя Саветы (па 70 ад вобласці і Менску).

Таксама плануецца абраць 400 дэлегатаў ад грамадзянскай супольнасці. Пры гэтым нават ва ўмовах масавай зачысткі і ліквідацыі грамадскіх арганізацыяў улады не наважыліся на тое, каб дазволіць тым аб’яднанням, якія «выжылі», вылучаць сваіх дэлегатаў. Такое права атрымалі толькі пяць (!) грамадскіх арганізацыяў. Вядома, усе яны праўладныя: «Белая Русь», Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў, Беларускі саюз жанчын, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

Беларусам дазволілі панюхаць шашлыкі

З 1200 меркаваных чальцоў УНС умоўна выбарнымі можна палічыць толькі 350 дэпутатаў мясцовых Саветаў, 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, 56 чальцоў Савету Рэспублікі і аднаго Аляксандра Лукашэнку. То бок толькі 43 % чальцоў УНС, ці менш як палова, займаюць выбарныя пасады. Дый выбарныя яны толькі фармальна, бо вынікі адпаведных галасаванняў не прызнаныя ані міжнароднай супольнасцю, ані беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Аляксандр Лукашэнка падчас VI Усебеларускага народнага сходу. Менск, Беларусь. 11 лютага 2021 года.
Фота: president.gov.by

Яшчэ траціну складаюць прадстаўнікі пяці пралукашэнкаўскіх арганізацыяў, а ўсе астатнія, або кожны пяты (восем чальцоў Савету Рэспублікі, чальцы Саўміну, суддзі, кіраўнікі выканкамаў) – гэта наўпроставыя прызначэнцы Лукашэнкі.

Простыя беларусы, нават калі яны жывуць у краіне і не маюць карты паляка, аніяк паўплываць на абранне дэлегатаў УНС не могуць. Варыянты, якія б дазвалялі, напрыклад, самавылучэнне ці збор подпісаў, папросту не прадугледжаныя. Але тады і казаць пра «найвышэйшы прадстаўнічы орган» ці «розныя сацыяльныя пласты і групы грамадства» не выпадае.

«Мне гэта нагадвае такую сітуацыю, што кіроўны клан Лукашэнкі і яго атачэнне сабраліся на прыемную сходку і смажаць шашлыкі. А ўсім астатнім даюць магчымасць адчуць пах і дымок гэтага шашлыку. Людзі не будуць прысутнічаць на гэтым мерапрыемстве, людзі не будуць уплываць на тыя рашэнні, якія там прымаюць. Ім дадуць панюхаць гэты пах і больш нічога», – заявіў у каментары «Белсату» Анатоль Лябедзька, дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформы.

На ягоную думку, легітымнасці ні ўнутры краіны, ні за межамі ва Усебеларускага народнага сходу не будзе, бо структуры, якія фармуюць яго, ужо прызнаныя нелегітымнымі.

«Што можа зрабіць нелегітымная структура? Яна можа стварыць яшчэ адну нелегітымную надбудову – тое, што і адбываецца», – падкрэсліў Лябедзька.

Паводле яго, мэта УНС – дапамагаць кіроўнаму клану ўтрымаць уладу ў сваіх руках. Ён адзначыў, што гэта пачалося з 1996 года, калі замест аднапалатнага Вярхоўнага Савету быў створаны двухпалатны Нацыянальны сход. Пасля 2020 года ствараецца ўжо «трохпавярховая канструкцыя».

«Трэці паверх выглядае абсалютна абсурдным, то бок выпустошваецца сутнасць таго, што называюць парламентам. Цяпер нават спецыялісты ў галіне канстытуцыйнага права не могуць разабрацца, дзе заканчваюцца паўнамоцтвы аднаго паверха і пачынаюцца іншага», – падкрэсліў Лябедзька.

А ў каго будзе рэальная ўлада?

Рэдактар выдання «Беларусский ежегодник» Вадзім Мажэйка адзначыў, што прынамсі на паперы УНС будзе мець сапраўды вельмі моцныя паўнамоцтвы. Але, нагадаў ён, гэта не будзе сталым органам, які б дзесьці засядаў. А значыць, людзі будуць сумяшчаць дэлегацтва ў ім з асноўнай працай і толькі раз на нейкі час збірацца разам. Да таго ж эксперт агулам сумняваецца ў тым, што калегіяльны орган на больш як тысячу асобаў здольны будзе прымаць нейкія сур’ёзныя рашэнні.

«Яны могуць прагаласаваць за ці супраць, у дадзеным выпадку хутчэй – за ўсё, што ім прапануюць, але да рэальнай працы ў такім фармаце яны няздольныя. Гэта занадта вялікі орган, каб ён мог прымаць канкрэтныя штодзённыя рашэнні», – адзначыў Мажэйка, падкрэсліўшы, што ўвесь час паміж сустрэчамі УНС рэальная ўлада будзе ў прэзідыуму.

Удзельнікі VI Усебеларускага народнага сходу. Менск, Беларусь. 11 лютага 2021 года.
Фота: president.gov.by

Паводле закону пра УНС, прэзідыум ёсць пастаянна дзейным органам Сходу, які забяспечвае «аператыўнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Усебеларускага народнага сходу».

Таксама, паводле Мажэйкі, апроч прэзідыуму важным органам будзе сакратарыят УНС, кіраваць якім ужо прызначаны былы дэпутат Валерый Міцкевіч, бо «сакратарыяты палітычных органаў могуць перарастаць у нешта большае». Гэтак, Адміністрацыя прэзідэнта ў беларускіх рэаліях з тэхнічнага офісу фактычна пераўтварылася ў другі ўрад.

Што датычыць уласна прэзідыуму, то незразумела, колькі ў ім будзе чальцоў. Паводле закону – не больш як 15 асобаў. Але гэта значыць, што іх можа быць і менш. Таксама ў законе пра УНС запісана, што спіс чальцоў будзе зацверджаны Сходам, але нічога не гаворыцца пра тое, хто гэты спіс распрацуе, хто яго прапануе для зацвярджэння.

«Пра гэтую працэдуру няма ўвогуле нічога ў законе. Таму гэта ўсё будзе рабіцца цалкам кулуарна, пэўна, Лукашэнкам асабіста і ягоным найбліжэйшым атачэннем», – мяркуе аналітык.

На ягоную думку, апроч уласна Лукашэнкі, у склад УНС увойдуць прадстаўнікі Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі, Канстытуцыйнага Суда і Вярхоўнага Суда. Таксама яго чальцамі могуць зрабіцца прадстаўнікі ўраду, лукашэнкаўскай адміністрацыі, Савету бяспекі ці нехта іншы з сілавікоў.

«Якая будзе гэтая канструкцыя – гэта вельмі тонкі момант, бо фактычна гэта будзе самы блізкі орган да мары ўсіх дзяржаўнікаў пра калектыўнага Лукашэнку», – сказаў Мажэйка.

Пакуль не да канца зразумела, як будзе працаваць гэты орган, ён фармалізуе найбліжэйшае атачэнне Лукашэнкі.

«Зараз, я мяркую, гэта будзе такі спячы інстытут, такое фармалізаванае кола Лукашэнкі, якое надалей будзе публічна ўва ўсім з ім згаджацца, але ў любы крытычны, крызісны момант, ва ўмоўны жнівень 2020 года, глядзець будуць на гэты прэзідыум УНС, бо гэта будзе орган, які будзе мець найшырэйшыя паўнамоцтвы. Гэта будуць тыя, хто ў нейкі крытычны момант зможа свой голас праявіць, але гэта ўжо будзе залежаць ад іхных здольнасцяў», – падкрэсліў аналітык.

УНС можа разбалансаваць уладу

У сваю чаргу палітолаг Валер Карбалевіч адзначыў, што ў выпадку раптоўнага сыходу Лукашэнкі праз само існаванне УНС атрымаецца палітычны крызіс і разбалансаванне ўлады, якая «фактычна апынецца ў канфлікце паміж рознымі інстытутамі»: парламентам, урадам і УНС.

«Такая сістэма доўга існаваць не зможа, давядзецца яе рэфармаваць. Але так заўсёды бывае, калі новая Канстытуцыя створаная не дзеля таго, каб рабіць больш эфектыўнымі органы дзяржаўнага кіравання, а для таго каб дапамагчы аднаму чалавеку трымацца ва ўладзе», – заявіў Карбалевіч.

Паводле яго, УНС ствараўся як орган улады, які павінен быў забяспечыць транзіт улады ад Лукашэнкі іншаму чалавеку.

«Планавалася, што Лукашэнка сыходзіць з пасады прэзідэнта, займае пасаду кіраўніка Усебеларускага народнага сходу і з дапамогай гэта органу будзе кантраляваць дзейнасць прэзідэнта. Такім чынам нікуды не сыходзіць у рэальнасці», – сказаў палітолаг.

Але пазней Лукашэнка памяняў сваю пазіцыю і «вырашыў нікуды не сходзіць». Цяпер УНС, які мусіў «вырашаць адну задачу, апынуўся ў сітуацыі, калі ён павінен вырашаць другую задачу, зусім іншую», кажа Карбалевіч.

Аналітыка
У Беларусі мяняюць палітычную сістэму? Будзе таталітарызм? Што значыць шэраг новых законаў
2023.02.28 07:00

Макар Мыш belsat.eu