Пачалося фармаванне Усебеларускага народнага сходу


Усебеларускі, народны – але народ не мае на яго аніякага ўплыву. Пачалося вылучэнне кандыдатаў на дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу – асноўнага органу ўлады паводле новай канстытуцыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Як могуць 1200 чалавек кіраваць дзяржавай цягам некалькі дзён? Гэта орган зусім штучны, прызначаны, каб штампаваць рашэнні, што прымае сёння Лукашэнка, аднадушна галасаваць і ўсё», – кажа палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валерый Карбалевіч.

У складзе Усебеларускага народнага сходу – 1200 чалавек. Больш за траціну ўдзельнікаў аўтаматычна складаюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, чальцы Савету Рэспублікі, прадстаўнікі выканаўчай і судовай улады. А таксама ўсе чальцы Менскага гарадскога савету дэпутатаў. Яшчэ па траціне дэлегатаў – ад мясцовых саветаў і ад суб’ектаў грамадзянскай супольнасці – будуць абраныя гэтымі структурамі.

Усебеларускі народны сход як канстытуцыйны орган улады мае ўносіць прапановы ў зменах у Канстытуцыю, развязваць пытанні легітымнасці выбараў, прымаць рашэнні пра змяшчэнне прэзідэнта ці ўвядзенне ваеннага становішча, прызначаць суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў. Але ствараўся ён дзеля транзіту ўлады ад Лукашэнкі, які меў стаць на чале Сходу, нагадвае Валер Карбалевіч:

«Уласна дзеля гэтага была прыдумана канстытуцыя з гэтым органам, які быў прызначаны галоўным органам дзяржаўнага кіравання, на які былі перацягнутыя паўнамоцтвы прэзідэнта і парламента».

Лукашэнка, Наталля Качанава, прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, Міхаіл Мясніковіч, мітрапаліт Веніамін, біскуп Казімір Велікаселец на УНС. 11 лютага 2021 года.
Крыніца: president.gov.by

Палітык Анатоль Лябедзька нагадвае, што першая надбудова над парламентам зʼявілася пасля 1996 года. Тады Лукашэнка спалохаўся магчымага імпічменту і, каб ускладніць яго абвяшчэнне, стварыў Савет Рэспублікі.

Дваццаты год напалохаў дыктатара яшчэ больш, і Усебеларускі народны сход, што ладзіўся і раней, стаўся новым органам прадстаўнічай улады.

«Гэты трэці паверх выглядае абсалютна абсурдным – выхалашчваецца сутнасць таго, што называюць парламентам, палатай прадстаўнікоў, якая насамрэч абіраецца наўпрост, але ў яе забіраецца частка паўнамоцтваў», – кажа Анатоль Лябедзька.

Да кандыдатаў у дэлегаты Усебеларускага народнага сходу прапісаны шэраг патрабаванняў. Патэнцыйны дэлегат мусіць быць не толькі грамадзянінам Беларусі і стала жыць на тэрыторыі краіны. Ён не можа мець грамадзянства ці дакументаў іншых краінаў, якія давалі б яму ільготы ў гэтых дзяржавах.

Але новы орган не будзе легітымны, мяркуе Анатоль Лябедзька:

«Тыя структуры, якія маюць дачыненне да камплектацыі Усебеларускага нацыянальнага сходу ўжо прызнаныя нелегітымнымі. Тая ж палата прадстаўнікоў – мы бачылі ясныя заявы еўрапейскага парламента, Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, нацыянальных парламентаў дзяржаўных структур – яна не легітымная».

Вылучэнне кандыдатаў на Усебеларускі народны сход працягнецца да канца сакавіка. Да 10-га красавіка мясцовыя саветы дэпутатаў і субʼекты грамадзянскай супольнасці маюць зацвердзіць канчатковыя спісы дэлегатаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»